Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі затрымалі валянтэрку, якая дапамагала праваабаронцу Леаніду Судаленку


Марыя Тарасенка і Леанід Судаленка. Архіўнае фота

Позна ўвечары 18 студзеня прайшоў ператрус у жыхаркі Гомля Марыі Тарасенкі. Яе завезьлі пасьля допыту ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Марыя Тарасенка дапамагала ў працы праваабаронцу Леаніду Судаленку. Яго затрымалі напярэдадні

«Цяпер мы зь яе мужам шукаем адваката. Марыя ведала пра арышт Леаніда Судаленкі і была настроеная на тое, каб ня сьведчыць супраць сябе, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі», — удакладніў праваабаронца Васіль Палякоў.

Вядомага праваабаронцу Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня паводле часткі 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — за «фінансаваньне масавых беспарадкаў».

Праваабаронца аказваў юрыдычную дапамогу ўдзельнікам акцый пратэсту. Таксама ён дапамагаў аплачваць штрафы і дзяржаўнае мыта пры падачы скаргаў у суд.

У рэдакцыі сайту «Гомельская Вясна» Судаленка пакінуў паведамленьне, якое прасіў апублікаваць пасьля магчымага арышту.

Ён пісаў, што дапамога рэпрэсаваным, у тым ліку пры падачы скаргаў у суды, адбывалася выключна пасьля, а не да ўдзелу ў пратэстах.

Матэрыяльная дапамога аказвалася выключна праз банк і з выплатай грашовых сродкаў у дзяржаўны бюджэт, а абарона правоў рэпрэсаваных на нацыянальным і міжнародным узроўні насіла публічны характар ​з асьвятленьнем у СМІ.

Судаленка зазначыў, што фінансаваньне «масавых беспарадкаў» — гэта прапанова або збор сродкаў ці аказаньне фінансавых паслуг з усьведамленьнем таго, што яны прызначаны для аплаты падрыхтоўкі, вэрбаваньня, навучаньня асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях.

«Я займаўся дапамогай у аплаце штрафаў толькі прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасьці за ўчыненае правапарушэньне, прадугледжанае арт. 23.34 КаАП, а таксама аплатай знаходжаньня ў ізалятарах. І тут важная і, мабыць, галоўная дэталь: прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні закону „Аб масавых мерапрыемствах“ выключае ў дзеяньнях пратэстоўцаў склад крымінальнага злачынства! Тым ня менш мяне затрымалі праз падазрэньне ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 342 КК! У маіх дзеяньнях адсутнічае склад злачынства», — заявіў праваабаронца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG