Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына перадала Расеі матэрыялы расьсьледаваньня атручэньня Навальнага


Аляксей Навальны на борце самалёта, які ляціць у Маскву. 17 студзеня 2021 году
Аляксей Навальны на борце самалёта, які ляціць у Маскву. 17 студзеня 2021 году

Нямеччына перадала Расеі стэнаграмы размоў прадстаўнікоў пракуратуры Бэрліна з Аляксеем Навальным, якія праводзіліся ў рамках расьсьледаваньня атручэньня расейскага апазыцыянэра, перадае «Голас Амэрыкі».

Пра гэта ў суботу заявіў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Нямеччыны, запатрабаваўшы ад расейскіх калегаў стараннага расьсьледаваньня злачынства.

У Міністэрстве юстыцыі Нямеччыны заявілі, што цяпер у Расеі ёсьць у распараджэньні ўся інфармацыя, неабходная для правядзеньня крымінальнага расьсьледаваньня атручэньня Навальнага, уключаючы ўзоры крыві і тканак.

«Урад Германіі мяркуе, што ўрад Расеі неадкладна прыме ўсе неабходныя меры для расьсьледаваньня злачынства, зробленага ў дачыненьні да спадара Навальнага», — заявіў прадстаўнік міністэрства.

«Гэтае злачынства павінна быць раскрыта ў Расеі. Гэта запатрабуе правядзеньня расьсьледаваньня, сувымернага з сур’ёзнасьцю гэтага злачынства», — дадаў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Нямеччыны.

Навальны, які пасьля спробы яго атручэньня ў жніўні праходзіў лячэньне ў ФРГ, плянуе ў нядзелю вярнуцца ў Расею, нягледзячы на рызыку арышту адразу па прылёце.

Апанэнт Крамля абвінавачвае прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў тым, што той стаў заказчыкам атручэньня Навальнага з выкарыстаньнем нэрвова-паралітычнага рэчыва тыпу «Навічок». Частка прыхільнікаў заклікаюць Навальнага заставацца за межамі Расеі ў мэтах яго ўласнай бясьпекі.

Пуцін адмаўляе абвінавачаньні ў тым, што расейскія ўлады спрабавалі атруціць Навальнага. Адказваючы на пытаньне журналіста, расейскі прэзыдэнт іранічна зазначыў, што калі б улада сапраўды хацела забіць Навальнага, то агенты спэцслужбаў справіліся б з гэтай задачай.

У Міністэрстве юстыцыі Нямеччыны паведамілі, што Навальны меў зносіны з прадстаўнікамі бэрлінскай пракуратуры і даў ім «разгорнутыя адказы», у тым ліку на пытаньні, зададзеныя расейскай Генэральнай пракуратурай. Расшыфроўкі гэтых стэнаграм цяпер знаходзяцца ў распараджэньні расейскіх уладаў. Гэта было зроблена ў адпаведнасьці з Эўрапейскай канвэнцыяй аб узаемнай прававой дапамозе, паведаміў прадстаўнік міністэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG