Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балтарýcія ці Бяларуся́? Вырашыць Камісія літоўскай мовы


Як афіцыйна завуць Беларусь у дзяржавах Эўропы

Літоўскае МЗС спытала думкі беларусаў пра магчымую зьмену афіцыйнага імя нашай краіны ў літоўскай мове (на месцы калькі з расейскае — Baltarusija). Разьбіраемся, ці гэта важна, наколькі рэальна і якія ёсьць варыянты.

Сьцісла:

  • Летась слова Belarus па-ангельску пачуў сьвет. На Belarus перайшлі ў Швэцыі, у многіх нямецкіх мэдыя. Але ў многіх мовах нашу краіну завуць па-ранейшаму, блізка да старой расейскай формы.
  • ААН рэкамэндуе называць краіны ў іншых мовах, калі магчыма, блізка да саманазвы.
  • У 1991 годзе адным зь першых у незалежнай Беларусі быў закон аб яе назьве: Беларусь. Мусіць перадавацца на іншыя мовы зь беларускага арыгіналу.
  • Па-літоўску наша краіна афіцыйна завецца Baltarusija — калька з расейскага „белая+Россия“.
  • У 2010 годзе МЗС Беларусі ўжо прасіў урад Літвы разгледзець магчымасьць зьмены назвы.
  • Сёлета міністар замежных справаў Літвы Г. Ландсбергіс у якасьці жэсту добрай волі для Беларусі прапанаваў С. Ціханоўскай вярнуцца да тэмы.
  • Яна сярод шэрагу варыянтаў вылучыла форму Belarusia [Бяларуся́] як блізкую да арыгіналу, адпаведную літоўскай граматыцы, не сугучную назьве Расеі.
  • Архаічная форма Gudija азначае ‘краіна ґудаў’, але гэтае слова і азначала чужынцаў наагул, і ўваходзіць у прыказкі неадназначнага зьместу.
  • Дзяржаўная камісія літоўскай мовы пакуль адклала разгляд пытаньня. Але грамадзкая дыскусія працягваецца.

Летась слова Belarus у ангельскамоўных мэдыя сьвету прагучала так, што пачуў яго кожны. Увесь English-speaking world нас запомніў пад гэтым імем — ужо незваротна. Прыметнік Belarusian стаў адным з оксфардзкіх „Словаў 2020 году“. І спокліч „Жыве Беларусь!“ з выпускаў гарачых навінаў, пэўна, засвоіў увесь сьвет.

Але ў сьвеце і Эўропе не адна ангельская. І ў іншых мовах таксама афіцыйную назву нашай краіны паступова набліжаюць да першаўзору — „Беларусь“.

Спачатку была назва

Пытаньні назваў краін, як і ўсё зьвязанае з ідэнтычнасьцю, у нашым посткаляніяльным рэгіёне Эўропы застаюцца важнымі і далікатнымі. Адным зь першых праўных актаў адроджанай незалежнай беларускай дзяржавы быў Закон № 1085-XII „Аб назьве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі“ ад 19 верасьня 1991 году — пра замену яе на Рэспубліка Беларусь (Беларусь): „…Гэтыя назвы трансьлітаруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасьці зь беларускім гучаньнем“.

Закон № 1085-XII
Закон № 1085-XII

Сёньня можна крытыкаваць формулу за лінгвістычную недакладнасьць (трансьлітарацыя — палітарная перадача, а гучаньне перадае транскрыпцыя), але зразумейма, як тэрмінова тады прымаліся дзяржаватворчыя акты. Галоўнае, што прыярытэт за беларускай назвай Беларусі.

ААН толькі раіць, загадаць ня можа

Міжнародныя рэкамэндацыі ў гэтай сфэры дае ААН. Яе канфэрэнцыя ў стандартызацыі геаграфічных назваў 1982 г. рэкамэндавала ўнікаць новых экзонімаў (калі іншаземцы называюць іншую краіну зусім ня так, як яна заве сябе сама) і параіла, каб

„кожная краіна ўжывала ў сваёй мове (сваіх мовах) для новых незалежных краін і для краін, якія бяруць новыя назвы, такія назвы, якія адпавядаюць наколькі мага афіцыйным мясцовым назвам краін, якіх гэта датычыць“.

Г. зн. ААН просіць называць так званыя новыя дзяржавы ў іншых мовах блізка да першаўзору.

Але загадаць канкрэтнай дзяржаве мяняць нешта ў яе ўнутранай моўнай гаспадарцы (а назвы краін — частка лексычнага фонду кожнай мовы) ня можа ні ААН, ні іншая дзяржава. Можна толькі прасіць, пераконваць, дамаўляцца.

Dura lex sed lex — толькі для нас

Зь Менску ў сьвет пайшлі адпаведныя звароты (з інфармацыяй пра афіцыйную назву дзяржавы і з трансьлітарацыяй назвы Беларусь адпаведна яшчэ „агульнасаюзнаму“ стандарту — Belarus або нават Belarus’). Дзякуючы настойлівасьці беларусаў ужо ў 1992 годзе UNGEGN (група экспэртаў ААН у геаграфічных назвах) у абноўленым сьпісе назваў краін сьвету на шасьці афіцыйных мовах ААН запісала формы Belarus па-ангельску, (le) Bélarus па-француску (accent aigu, відаць, быў у менскай прапанове) і Belarús па-гішпанску.

Аднак у нацыянальнай практыцы толькі ангельскамоўныя дзяржавы адразу ж перайшлі на Belarus; у француска- і гішпанамоўным сьвеце у асноўным ужываюць ранейшыя адаптацыі „Белоруссии“, але некаторыя краіны ўсё ж афіцыйна прынялі форму, бліжэйшую да „Беларусі“.

Трэба сказаць, што МЗС Беларусі і пазьней, выконваючы Закон аб назьве дзяржавы, зьвярталася да розных урадаў і ня толькі:

Урад Беларусі зьвяртаўся і да Літвы

Пісалі і ўрадавым органам Літвы. Спачатку Міністэрства юстыцыі Беларусі запытвала пра назвы беларускай дзяржавы, якія афіцыйна ўжываюцца па-літоўску. А ў красавіку 2010 году Дзяржаўная камісія літоўскай мовы разглядала ліст ад МЗС Беларусі, дзе беларускі бок „вельмі карэктна“, як сказала старшыня Камісіі Ірэна Сьмятанене, цікавіўся, якім чынам назва Рэспублікі Беларусі магла б афіцыйна перадавацца ў літоўскай. Але камісія тады адхіліла ідэю замены назвы Baltarusija на Belarusia ці нейкую іншую.

Vitryssland = vodka & Putin

У іншых краінах асноўную ролю адыграла грамадзтва, напрыклад у Швэцыі. Сымпатыкі Беларусі з акадэмічных і праваабарончых колаў і швэдзкія грамадзяне беларускага паходжаньня залажылі Initiativgruppen för Belarus, цягам гадоў вялі лябісцкую і асьветную працу.

Яны правялі сацыялягічнае апытаньне пра асацыяцыі швэдаў, зьвязаныя з назваю Беларусі VitrysslandRyssland = Расея): гэта балалайка, мядзьведзь, шапка-вушанка, водка, Пуцін і г.д., а таксама мафія і карупцыя. Беларусь і беларусы атаесамляліся ў швэдаў зь іншым народам — з усімі наступствамі і стэрэатыпамі (абгрунтаванымі ці не).

„Забабоны швэдаў адносна расейцаў і Расеі, як правіла, датычацца і Беларусі, і беларусаў. Большасьць гэтых забабонаў нэгатыўныя. Блытаніна Беларусі з Расеяй мае простую статыстычна даказаную сувязь з назваю краіны па-швэдзку, —

робяць выснову аналітыкі.

Дзейнасьць ініцыятывы паўплывала на пазыцыю Моўнай рады, Швэдзкай акадэміі, МЗС і асноўных мэдыя. Цяпер у афіцыйным ужытку ў Швэцыі толькі Belarus, гэтая ж назва пераважае ў мэдыйнай прасторы.

Зьмена назвы — знак добрай волі

Як правіла, такія крокі пэўнай дзяржавы — набліжэньне афіцыйнай назвы іншай краіны да яе саманазвы — сьведчаньне добрай волі і павагі.

Міністарка замежных справаў Швэцыі Ан Ліндэ сказала пра зьмену назвы на Belarus:

«Гэта прызнаньне беларускай грамадзянскай супольнасьці і людзей, якія даўно хацелі падкрэсьліць нацыянальную ідэнтычнасьць і сувэрэнітэт сваёй краіны (...) гэта відавочны сыгнал, што Швэцыя хоча больш цеснага дыялёгу зь Беларусьсю...», —

пісала два гады таму яна для выданьня Dagens Nyheter.

Прыязны жэст афіцыйнай Вільні

Такім чынам, літоўскія палітыкі ўжо мелі прыклад скандынаўскіх суседзяў і ранейшыя звароты ад імя беларускае дзяржавы. Таму лічаць, што пытаньне назвы Беларусі ў іншых мовах для беларусаў важнае.

Як паведамлялі, новы міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс сам закрануў тэму на сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай: калі ад беларусаў будзе адпаведны зварот, то літоўскі ўрад яго разгледзіць. Ціханоўская такую прапанову перадала і апублікавала: калі літоўскі бок бярэцца памяняць афіцыйную назву нашай краіны, то добра было б, каб яна была блізкая да беларускай саманазвы; сярод розных варыянтаў гэта магла б быць Belarusia, але слова за адпаведнымі літоўскімі органамі.

Пакуль што вынік наступны. МЗС Літвы праявіў ініцыятыву, але Дзяржаўная камісія літоўскай мовы заявіла, што да палітычных зьменаў у Беларусі ня час разглядаць пытаньне. Як бачым, у Літве ёсьць рэальны падзел функцыяў дзяржаўных органаў. (А наагул Камісія такіх рэчаў не цураецца: нядаўна яна памяняла афіцыйную назву Грузіі — на Sakartvelas ад საქართველო. Дзеля павагі да саманазвы і разьвітаньня з расейска-савецкай тапанімічнай спадчынай.)

Беларуская рэвалюцыя: імя краіны зноў важнае

Аднак грамадзкая дыскусія на тэму назвы Беларусі, якая актывізавалася з пачаткам беларускай рэвалюцыі, працягваецца.

19 жніўня 2020 году, у разгар гістарычных падзеяў у Беларусі, памяняць яе афіцыйную назву ў літоўскай мове заклікаў рэктар Віленскага ўнівэрсытэту гісторык Рымвідас Пятраўскас.

Ён нагадаў, што рэвалюцыі павялічваюць значэньне сымбаляў і назваў. Беларусь асабліва блізкая Літве дзякуючы супольнай спадчыне ВКЛ, яе таксама чакае эўрапейская будучыня, верыць вучоны, і зьвяртаецца да тэмы назвы:

„Вынайдзеная і замацаваная ў часе Расейскай імпэрыі і ў савецкі пэрыяд назва „Белоруссия“ [Baltarusija] мяняецца ў многіх краінах. Колькі месяцаў таму на прапанову Нямецка-беларускай камісіі гісторыкаў у большасьці сродкаў інфармацыі Нямеччыны „Weißrussland“ замененая на„Belarus“. Тое ж адбылося і ў Швэцыі“.

Пятраўскас заклікаў пайсьці гэтым шляхам і ў Літве і адмовіцца ад назвы Baltarusija (пра ягоную прапанову замены — ніжэй).

Адкуль Baltarusija?

Цяпер у літоўскай мове афіцыйна прынятая і ў штодзённай мове найперш ужываецца назва Baltarusija [Балтарýcія]. Слова з двух каранёў: balta = белая, Rusija = Расея. Бездакорна скалькаванае з расейскага Белоруссия.

У літоўскай мове гэта не спрадвечная назва, яна зьявілася ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Так, віленская штодзённая газэта Vilniaus žinios у 1905 годзе яшчэ ўжывала слова gudiškas ‘беларускі’, а ў 1909 ужо baltarusiai, Baltarusija ‘беларусы, Беларусь’.

Чаму Belarus па-літоўску немагчымая ?

Гэта ў ангельскай мове назоўнікі не скланяюцца, таму ёй лёгка было прыняць транскрыбаваную форму Belarus. А ў літоўскай мове так немагчыма: як і ў беларускай, ёсьць скланеньне, але, адрозна ад беларускай, няма нулявых канчаткаў. Воўк па-літоўску vilkas, дыяганальdiagonalė.

Так і з словам Беларусь (дакладней, яго трансьлітарацыяй старога ўзору Belarus): каб скланялася, патрэбны канчатак, напрыклад Belarusia. Гэта ж суседняя краіна, ня Наўру, якая можа і не скланяцца. Іначай будзе нешта накшталт „Я паеду ў Ээсті. Віза ў Польска. Слава Ўкраіна!

Чым Belarusia розьніцца ад Baltarusija

Belarusià (прыблізна чытаецца [Бяларуся́]) — у назоўным склоне, скланяецца [Бяларусёс, Бяларусяй, Бяларусёя...]. Сугучнае назьве Rusia ([Руся́], гістарычная Русь), і зусім адрознае ад Rusija ([Рýсія], Расея).

Адпавядае і граматыцы літоўскай мовы, і беларускаму першаўзору. Часам ужываюць публіцысты, у 2010 годзе Камісія літоўскай мовы ўжо разглядала гэты варыянт.

Слова Беларусь з гледзішча сучаснае мовы — суцэльны корань, на часткі даўно ня дзеліцца. Швэдзкі філёляг Нільс Хокансон тлумачыць, чаму ў перакладзе аповесьці Васіля Быкава «Афганец» ўжывае там назву Belarus:

Праблема не ў белізьне. Vit — даслоўны пераклад шматзначнай часткі бел-, значэньня якой угэтым кантэксьце папраўдзе ніхто ня ведае — белы“, чысты“, свабодны ці заходні. Праблема ў літаральным і пасьлядоўным зьмешваньні дзьвюх гістарычных і культурных зьяваў — Расеі і Русі.

Гэта дакладнае лінгвістычнае абгрунтаваньне таго, што абедзьве часткі калькі — ня толькі „Расея“, але і „белы“ (як колер) — ня маюць дачыненьня да сучаснай назвы Беларусь.

Для неславянскіх моваў тут увогуле не павінна быць пытаньня. Назвы краін не перакладаюцца — гэта ўнівэрсальны прынцып амаль без выняткаў у сучасным сьвеце.

Акурат з гэтай прычыны сумнеў выклікае „кампрамісная“ літоўская форма Baltarusia, якую замест Baltarusija прапаноўвае гісторык праф. Р. Пятраўскас: мяняць адну кальку на другую наўрад ці апраўдана.

А мо Gudija?

Нагадаю, што ідзецца пра зьмену толькі афіцыйнай, першай назвы краіны і дзяржавы, скажам, ува ўрадавых дакумэнтах. У літоўскай літаратурнай мове сёньня ёсьць другі, неафіцыйны варыянт — Gudija. У міжваеннай незалежнай Літоўскай Рэспубліцы тэрмін Gudija і аднакаранёвыя афіцыйна ўжываліся, у тым ліку ў назьве Міністэрства беларускіх справаў.

Слоўнік Ластоўскага. Тытул у дзьвюх мовах
Слоўнік Ластоўскага. Тытул у дзьвюх мовах

Gud- — у літоўскай мове вельмі старажытны корань да канца няяснага паходжаньня (ці ад готаў, ці то ад кустоў). Але ён не заўсёды азначаў суседні народ і неканечне меў станоўчую афарбоўку. Як яго ўспрымаюць сучасныя носьбіты літоўскай мовы? Піша ўжо згаданы гісторык-мэдыявіст Р. Пятраўскас:

„Назва Gudija..., выглядае, менш прыдатная зь некалькіх прычынаў. Па-першае, гістарычна гэтым тэрмінам у розны час называлі чужаземцаў, русінаў, расейцаў, беларусаў. Тое, што, паводле Слоўніка літоўскай мовы, у пэўных гаворках ґудамі называлі людзей з суседняга рэгіёну (напрыклад, панявежцы так звалі купішкенцаў), толькі пацьвярджае этымалягічную повязь гэтага слова зь няздольнасьцю „правільна гаварыць“. „Гэты gudas і размаўляць яшчэ ня ўмее“. Адсюль вынікае пэўная адмоўная канатацыя слова gudas у літоўскай моўнай традыцыі.

Ці сапраўды мы хочам так называць людзей, зь якімі салідарызуемся? Таму я б прапанаваў выбраць тэрмін, які блізкі да саманазвы беларусаў і паходзіць з нашага супольнага гістарычнага досьведу Вялікага Княства Літоўскага“.

Дадам. Слова gudas ёсьць у прыказках, не заўсёды прыемных; найбольш вядомая — старадаўны заклён Perkūne dievaiti, nemušk žemaitį, bet mušk gudą, kaip šunį rudą (‘Пяруне, божачка, ня бі жамойта, а бі ґуда, як сабаку рудога’). Зрэшты, невядома, каго той жамойцкі Пярун лічыў ґудамі і адпаведна лупіў пасьля такіх малітваў: відэа не захавалася. Мо аўкштайтаў ці дзукаў.

Perkūnas, ён жа Пярун
Perkūnas, ён жа Пярун

І ў батанічных назвах часам „несапраўднае“ прыпісваюць таму ґуду: gudobelė ‘глог’ — „ґудава яблыня“, тое, што ў нас „чортава яблыня“, а ў латышоў „воўчая“. То для выбару ў якасьці афіцыйнай формы назвы Gudija — ‘краіна ґудаў’ — пры ўсёй яе архаічнасьці, унікальнасьці — трэба быць пэўнымі, што корань ужо ня мае пабочных асацыяцыяў.

Але слова за літоўскімі лінгвістамі. У кожным разе добра, што пытаньне беларускай ідэнтычнасьці, выяўленай у назьве краіны, добразычліва абмяркоўваецца і ў літоўскім грамадзтве, і на высокім дзяржаўным узроўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG