Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 16 студзеня ва Ўкраіне мова гандлю і паслуг — украінская


З 16 студзеня 2021 году абслугоўваць кліентаў ва Ўкраіне трэба на дзяржаўнай мове. Паслуга кліенту можа быць на іншай мове, але толькі на ягоную просьбу.

З 16 студзеня 2021 году мовай абслугоўваньня кліентаў ва Ўкраіне павінна стаць дзяржаўная мова — украінская. Упаўнаважаны ў абароне дзяржаўнай мовы Тарас Крэмінь апублікаваў дэталёвую інструкцыю для грамадзянаў, што ім рабіць у выпадку, калі ва ўстанове гандлю парушаюць іх права атрымліваць інфармацыю ці паслугі дзяржаўнаю моваю.

Раней ён нагадваў: «Згодна з артыкулам 30 Закону Ўкраіны „Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай“, усе пастаўнікі паслугаў, незалежна ад формы ўласнасьці, абавязаны абслугоўваць спажыўцоў і надаваць інфармацыю пра тавары і паслугі на дзяржаўнай мове. У супэрмаркеце і ў інтэрнэт-краме, у кавярні, банку, на запраўцы, у аптэцы ці ў бібліятэцы, дзе б вы ні знаходзіліся — абслугоўваньне мае быць па-ўкраінску».

Разам з тым Тарас Крэмінь падкрэсьліў, што паслуга кліенту можа быць аказана на іншай мове, але толькі на ягоную просьбу.

25 красавіка 2019 году Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Закон гарантуе становішча ўкраінскай мовы ў дзяржаўным кіраваньні, сфэры паслуг, адукацыі і сродках масавай інфармацыі.

Чыноўнікі панясуць адказнасьць за няведаньне ўкраінскай мовы, але яна будзе дзейнічаць толькі праз тры гады з моманту прыняцьця закону. Закон не абмяжоўвае прыватных зносінаў на ўсіх мовах і свабоднага выкарыстаньня моваў мяншыняў, лічаць яго суаўтары ва ўрадзе і парлямэнце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG