Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Немагчыма сядзець дома, калі такое творыцца». 69-гадовую жанчыну аштрафавалі на 870 рублёў


Людміла Быстрэнка
Людміла Быстрэнка

У Ленінскім судзе Менску аштрафавалі на 870 рублёў 68-гадовую Людмілу Быстрэнку. 14 сьнежня яе разам з 89-гадовай маці затрымалі каля навагодняй ялінкі ў цэнтры сталіцы.

Учора яе 89-гадовую маці Валерыю Сьмірнову гэты ж суд таксама аштрафаваў на 30 базавых.

На абедзьвюх жанчын склалі пратаколы па адміністрацыйным артыкуле 23.34, частка 1.

Засакрэчаны «ў мэтах бясьпекі» сьведка, супрацоўнік міліцыі, сказаў у судзе, што Людміла Быстрэнка была сярод жанчын, якія «вадзілі так званыя карагоды і выкрыквалі правакацыйныя лёзунгі». У чым яна была апранутая, як яна выглядала і што выкрыквала менавіта Быстрэнка, ён не згадаў, бо «прайшло каля месяца».

Людміла Быстрэнка не прызнала сябе вінаватай. Яна сказала, што выйшла на плошчу, каб паглядзець, што там адбываецца, бо «па тэлебачаньні гавораць адно, а па інтэрнэце паказваюць іншае». Яна правяла на плошчы каля 10 хвілін. Затрымалі яе разам з маці, амапаўцы пагрузілі іх у аўтобус з зацемненымі вокнамі.

«У аўтобусе адна жанчына сарвала плёнку з вакна. Амапавец, які па ўзросьце ёй мог бы быць унукам, пачаў крычаць на яе матам і зьвяртаўся на „ты“. Я яму сказала, каб ён перастаў мацюгацца, і спытала, ці задавальняе яго ўсё гэта. Ён кажа: так, нам добра. Я сказала яму, што ён большага і не заслугоўвае».

Суд над Людмілай Быстрэнка
Суд над Людмілай Быстрэнка

Разам зь Людмілай у аўтобусе было 80 чалавек. Іх прывезьлі ў Ленінскі РУУС, дзе трымалі сем гадзін у халодным памяшканьні.

«Бяз кроплі вады, ніхто не прапанаваў нават прысесьці. Вось так правялі час, добра, што ня білі і ня ставілі да сьцяны. Гэта быў нейкі ангар з маленькай батарэяй, куды жанчыны падыходзілі, каб пагрэць рукі», — кажа Людміла.

Яна кажа, што ходзіць на мітынгі ўжо 26 гадоў, і яе ўнучка, якая прыйшла ў суд, каб падтрымаць, «вырасла на мітынгах».

Людміла Быстрэнка
Людміла Быстрэнка

Людміла ўпершыню ў жыцьці мае справу з судом. Яна нарадзілася ў Куйбышаўскай вобласьці, жыве ў Менску і даглядае 89-гадовую маці.

«Гэты штраф памерам у дзьве мае пэнсіі. Мне ж неяк трэба жыць два месяцы. Але гэта ж нікога не хвалюе, як паказвае жыцьцё. Бо ў судзьдзяў зусім іншыя мэты і задачы ў гэтым будынку. Тут наогул адбываецца нешта нерэальнае, нейкі нерэальны сьвет. Ён настолькі адрозьніваецца ад сапраўднага жыцьця, што проста дзівісься», — сказала жанчына Свабодзе пасьля заканчэньня суду.

Людміла не шкадуе, што выйшла на вуліцу, бо яе «не задавальняе тое, што творыцца».

«Мяне не задавальняе тое, што робяць з нашай моладзьдзю, як яе забіваюць, выключаюць з інстытутаў. Таму я павінна нешта зрабіць. Немагчыма сядзець дома, калі такое творыцца. Гэта павінна спыніцца, і калі кожны выйдзе, нават у такім узросьце, як я, то напэўна гэта неяк наблізіць перамогу».

Пасьля суду Людміла была настроена аптымістычна, казала: «Перажывём і гэта».

«Галоўнае, каб усё гэта скончылася, і чым хутчэй, тым лепш. Я на гэта спадзяюся. Каб былі сапраўдныя суды. Якое правасудзьдзе? Калі чалавек, які лічыць сябе прэзыдэнтам, кажа, што можна без законаў, то атрымліваецца беззаконьне», — сказала жанчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG