Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла аўдыёкніга Зараславы Камінскай «Калядны стол». Чытальнік —Зьміцер Бартосік


У студзені выйшла аўдыёкніга Зараславы Камінскай «Калядны стол». Гэта 26 смачных гісторый пра дзяцінства, сям’ю, традыцыі і, вядома ж, пра ежу.

Летась кніга «Калядны стол» заняла трэцяе месца ў прэміі Гедройця, а прызам быў запіс кнігі ў аўдыяфармаце ад «Радыё Свабода». Тэкст агучыў пісьменьнік і журналіст (і дарэчы, ляўрэат прэміі Гедройця) Зьміцер Бартосік, зьвядзеньнем займаўся гукарэжысэр Зьміцер Васількоў.

Зараслава Камінская падзялілася ўражаньнямі ад праслухоўваньня сваёй аўдыёкнігі:

«Першыя агучаныя апавяданьні я пачула якраз перад Новым годам: аўдыёкніга стала для мяне самым незвычайным падарункам, які я калі-небудзь атрымлівала. Вядома, апавяданьні гучалі ня так, як у маёй галаве. І так і павінна было быць, бо я падзяляю думку, што напісаны тэкст ужо не належыць аўтару і яго (пра гэты тэкст) уяўленьням.

Я вельмі ўдзячная Зьмітру Бартосіку за шчырасьць і ўвагу, зь якімі ён працаваў над запісам, і за вынік, які атрымаўся. Мне было цікава, ці будзе аўдыёкніга мець той самы ўплыў на чытачоў, як і папяровая кніга. Бо мне пісалі, што „Калядны стол“ абуджае асабістыя ўспаміны — а для ўспамінаў, мне здавалася, патрэбны асаблівыя ўмовы: чытаньне ва ўласным тэмпе, сваім унутраным голасам, магчымасьць спыніцца і адкласьці кнігу ўбок, каб падумаць пра сваё. Але я атрымала першыя водгукі: аўдыёфармат таксама дазваляе пачуць паміж радкоў чужых (г.зн. маіх) гісторый пра сябе, свае любімыя стравы і пра сваіх блізкіх, прыгадаць сваё мінулае».

Зараслава Камінская
Зараслава Камінская

Папяровую кнігу апублікавала выдавецтва «Галіяфы» ў 2019 годзе.

«Калі я аддавала „Калядны стол“ Зьмітру Вішнёву ў выдавецтва „Галіяфы“, я і не магла ўявіць, што яе чакае такі лёс: мне проста хацелася ажыцьцявіць задуму, якая была са мной некалькі гадоў, каб нарэшце вызваліцца для новых задум. Трэцяе месца прэміі Гедройца і прэмія Цёткі — гэта і вялікі гонар, і вялікая падтрымка, каб працягваць, і вялікі аванс, які вельмі хочацца адпрацаваць», — сказала Зараслава Камінская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG