Супрацоўнікі сілавых структур перашкодзілі правядзеньню акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен» — у двары на вуліцы Чарвякова ў Менску, перадае БелаПАН.
Увечары 12 студзеня, роўна праз два месяцы пасьля сьмерці Бандарэнкі, грамадзяне зьбіраліся прайсьці зь ліхтарыкамі вакол трансфарматарнай будкі, на сьцяне якой у свой час быў мурал у гонар дыджэяў, што ўключылі песьню Віктара Цоя «Перамен» на праўладным мерапрыемстве ў сталічным Кіеўскім сквэры.
Мяркуючы па разьмешчаных у сацсетках відэазапісах, прысутныя не пасьпелі прайсьці і аднаго кола, як да іх наблізіліся сілавікі.
Праваабаронцы «Вясны» таксама паведамілі пра затрыманьні на вуліцах Варанянскага і Матусевіча.
У канале «Спісы затрыманых» увечары 12 студзеня зьявілася больш за 20 прозьвішчаў.
У горадзенскім мікрараёне Вішнявец падчас дваровага маршу затрымалі як мінімум чатырох чалавек, паведаміў «Белсат».
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com