Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва афіцыйна зьмяніла ў літоўскай мове назву Грузіі


Ад канца сьнежня Літва афіцыйна зацьвердзіла назву «Sakartvelas», яна цяпер будзе ўжывацца ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах.

«Цяпер „Sakartvelas“ — ужо афіцыйная назва», — паведаміў агенцтву BNS старшыня Дзяржаўнай камісіі літоўскай мовы Аўдрыс Антанайціс.

21 сьнежня камісія пастанавіла выключыць з дакумэнту, у якім вызначаюцца назвы дзяржаваў назву «Gruzija» і ўпісаць туды «Sakartvelas».

«Прынятая два гады таму пастанова вызначыла „Sakartvelas“ як другую, неафіцыйную назву. Спатрэбіўся пераходны пэрыяд, каб даведацца, ці грамадзкасьць прыняла гэтую назву. Відавочна, што яна прыжылася ў грамадэтве надзвычай хутка. Я прагназаваў 20 гадоў, а прыжылася за два гады. Гэта было сапраўды вельмі нечакана», — сказаў Антанайціс.

«Мы вырашылі спыніць працэс — „Sakartvelas“ становіцца афіцыйнай поўнай назвай», — паведаміў ён.

Паводле старшыні камісіі, гэтае рашэньне палегчыць працу афіцыйных установаў, бо дагэтуль яны ў афіцыйных міждзяржаўных дакумэнтах мусілілі пісаць «Gruzija (Sakartvelas)».

«Грузія па-ранейшаму застаецца ўжыванай назвай, яе можна выкарыстоўваць у публічнай прасторы», — сказаў Антанайціс.

Адмовіцца ад назвы «Gruzija» раней літоўскіх чыноўнікаў ня раз прасілі грузінскія палітыкі і дыпляматы. Паводле іх, гэтая назва — расейская.

8 студзеня падчас сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай зь міністрам замежных справаў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам абмяркоўвалася пытаньне і наконт літоўскай назвы Беларусі.

«Літва лічыць важным перайменаваньне нашай краіны на літоўскай мове з Балтарусіі (Беларасеі) у Беларусь», — паведамляецца на сайце Ціханоўскай. Літва гатовая разгледзець гэтае пытаньне, калі такая прапанова паступіць зь беларускага боку

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG