Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пачалі расьсьледаваць штурм Капітолія


Прыхільнікі Трампа ў занятым імі Капітоліі, Вашынгтон, 6 студзеня 2021
Прыхільнікі Трампа ў занятым імі Капітоліі, Вашынгтон, 6 студзеня 2021

Праваахоўныя органы ЗША пачалі крымінальнае расьсьледаваньне нападу на Капітолій з прыцягненьнем соцень сьледчых для высьвятленьня асобаў і арышту злачынцаў

Выканаўца абавязкаў пракурора акругі Калюмбія Майкл Шэрвін распавёў, што 15 людзям былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў фэдэральным судзе ў Вашынгтоне ў сувязі з беспарадкамі, а яшчэ 40 паўсталі перад вышэйшым судом акругі па абвінавачваньнях, зьвязаных з тым, што адбывалася непасрэдна перад беспарадкамі.

Большасьць абвінавачваюцца ў незаконным пранікненьні на тэрыторыю Капітолія.

Сярод абвінавачваньняў — крадзеж дзяржаўнай маёмасьці і парушэньне правілаў выкарыстаньня агнястрэльнай зброі.

Адзін мужчына быў арыштаваны каля Капітолія па абвінавачваньні ў нашэньні паўаўтаматычнай штурмавой зброі і 11 кактэйляў Молатава, распавёў Шэрвін.

У выніку беспарадкаў загінулі чатыры чалавекі і некалькі дзясяткаў атрымалі раненьні.

Па словах Шэрвіна, гэтыя арышты — толькі першы крок у намаганьнях па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.

«Гэта была, відавочна, вельмі небясьпечная сытуацыя, — адзначыў ён. — Мы спрабуем разгледзець гэтыя справы як мага хутчэй, і хоць пакуль заведзена толькі 15 справаў, гэта добры пачатак, але гэта ні ў якім разе не канец».

Вылучэньне такой колькасьці абвінавачваньняў усяго за 36 гадзінаў падкрэсьлівае актыўнасьць падыходу пракуратуры.

Як патлумачыў Шэрвін, паколькі большасьці ўдзельнікаў беспарадкаў паліцыя Капітолія дазволіла разысьціся па дамах, намаганьні па выяўленьні і арышту злачынцаў могуць заняць некалькі месяцаў, калі не цэлы год.

Сотні сьледчых праглядаюць відэазапісы з камэр назіраньня і пасты ў сацыяльных сетках, каб высьветліць асобы вінаватых.

«Мы будзем агрэсіўна выстаўляць абвінавачаньні па гэтых справах», — сказаў Шэрвін.

Выканаўца абавязкаў генэральнага пракурора Джэфры Розэн заявіў: «Міністэрства юстыцыі цьвёрда мае намер гарантаваць, каб асобы, адказныя за гэта напад на наш урад і вяршэнства закону, панесьлі ўсю адказнасьць за свае дзеяньні ў адпаведнасьці з законам».

Дырэктар ФБР Крыстафэр Рэй запэўніў, што яго ведамства «задзейнічае ўсе сьледчыя рэсурсы», каб прадʼявіць абвінавачваньні злачынцам.

Атака, якую Розэн назваў «недапушчальным нападам на фундамэнтальны інстытут амэрыканскай дэмакратыі», пачалося ў той момант, калі чальцы Кангрэсу праводзілі сумеснае пасяджэньне, каб сэртыфікаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

Многія ўскладаюць адказнасьць за распальваньне беспарадкаў на прэзыдэнта Дональда Трампа, які падчас выступу на мітынгу заклікаў сваіх прыхільнікаў і далей аспрэчваць вынікі выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG