Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыняцца не зьбіраецца». Ігар Лосік трымае галадоўку ўжо 23 дні


Ігар Лосік

На панядзелак 11 студзеня прызначаны разгляд скаргі Ігара Лосіка на ўтрыманьне пад вартай.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і фрылансэр-кансультант беларускай службы «Радыё Свабода» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі 195 дзён. Яго галадоўка працягваецца ўжо 23 дні. Такім чынам Ігар пратэстуе супраць новых абвінавачваньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

«Ігар працягвае галадоўку, спыняцца пакуль не зьбіраецца, — гаворыць адвакат. — Адчувае сябе больш-менш здавальняюча. Прынамсі, скаргаў не выказвае. Яго глядзіць лекар. Пытае ў яго, ці ўсё ў парадку. Ігар адказвае, што так. Мы сустракаемся двойчы на тыдзень. Сустрэча працягваецца прыкладна дзьве гадзіны. Ігар цікавіцца навінамі. Вядома, яго цікавіць, што адбываецца зь сям’ёй, што з дачкой, што ў жонкі новага, у бацькоў. Яго таксама вельмі цікавіць тое, што адбываецца ў Беларусі».

Па словах адваката, 5 студзеня Ігар атрымаў 60 лістоў. Ён стараецца на ўсе адказаць, моцна дзякуе за падтрымку тым, хто яму піша.

Ён перадаў віншаваньне з-за кратаў.

«Ўсіх праваслаўных віншую са сьветлым сьвятам Раства Хрыстова!

У навагоднія і калядныя сьвяты хочацца спадзявацца на лепшае. А таксама гэта самы лепшы час для таго, каб правесьці яго зь сямʼёй. Вельмі спадзяюся, што хутка і я змагу ўбачыць і абняць сваіх блізкіх, бо менавіта гэтага цяпер вельмі не хапае.

Вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае маю сямʼю. Я ведаю, што многія знайшлі час і магчымасьць павіншаваць Паўлінку з Новым годам і Днём нараджэньня. Дзякуй вам за гэта!

Самаадчуваньне ў мяне нармальнае, сіл яшчэ хапае. Адчуваю падтрымку тысяч неабыякавых беларусаў, што надае сіл і падтрымлівае, калі засумаваў. Так што ўсё працягваецца, хоць часам па начах і сьняцца баранавіцкія „лодачкі“! (хот-догі з баранавіцкай бутэрброднай „Лодачка“ — РС)», — напісаў Ігар Лосік.

У панядзелак 11 студзеня суд Партызанскага раёну будзе разглядаць скаргу Ігара Лосіка на працяг меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Разгляд пройдзе ў закрытым паседжаньні.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG