Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням Мікалаю Статкевічу і Зьмітру Казлову працягнулі арышт да 29 сакавіка


Палітвязьні Зьміцер Казлоў (зьлева) і Мікола Статкевіч.

Палітвязьні — палітык Мікола Статкевіч і блогер Зьміцер Казлоў — атрымалі апавяшчэньні аб працягненьні ўтрыманьня пад вартай.

Пра тое, што тэрмін утрыманьня пад вартай апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча падоўжылі на тры месяцы, паведаміў БелаПАН ягоны адвакат Уладзімер Сазанчук. Сам Статкевіч даведаўся пра гэта яшчэ 23 сьнежня.

15 сьнежня Статкевічу выставілі новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Такое ж абвінавачаньне ў сьнежні прад’явілі яшчэ аднаму ягонаму падабароннаму — блогеру Зьмітру Казлову, які працуе пад псэўданімам Шэры Кот. Тэрмін утрыманьня пад вартай яму таксама працягнулі да 29 сакавіка.

Як заявіў адвакат Сазанчук, ніякіх следчых дзеяньняў са Статкевічам і Казловым па-ранейшаму не праводзяць. Прынамсі, абарону нікуды не запрашалі.

Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня, а Зьмітра Казлова 10 чэрвеня. Пасьля адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах іх ня выпусьцілі, абвясьціўшы падазраванымі па ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Раней справу па такім артыкуле завялі на блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў.

Статкевіч утрымліваецца ў ізалятары Жодзіна ў адзіночнай камэры. Казлоў — у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

15 сьнежня абвінавачаньні паводле артыкулу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў пачуў і журналіст Ігар Лосік. У адказ на гэта кансультант Радыё Свабода абвясьціў галадоўку пратэсту. Ён галадае ўжо 22-гі дзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG