Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Любоў да дачкі дае мне сілы трымацца». Ігар Лосік галадае ўжо 21 дзень


За кратамі арыштаваны 25 чэрвеня палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца 193 дні.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і фрылансэр-кансультант беларускай службы «Радыё Свабода» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі 193 дні. Яго галадоўка працягваецца ўжо 21 дзень. Такім чынам Ігар пратэстуе супраць новых абвінавачваньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

4 студзеня Ігара ў СІЗА Жодзіна наведаў адвакат Дзьмітры Лепрэтар.

«Ігар адчувае сябе здавальняюча. На сур’ёзныя праблемы са здароўем пакуль ня скардзіцца. Кажа, што спыняць галадоўку пакуль ня мае намеру. Такім чынам ён выказвае сваю нязгоду з тым, што адбываецца. Яму рабілі мэдычны агляд, яшчэ перад Новым годам. Узялі кроў на аналізы. Пэрыядычна яму мераюць ціск і тэмпэратуру. Спрабуюць сачыць за яго здароўем, станам».

Ігар Лосік таксама перадаў з-за кратаў невялікае паведамленьне. 4 студзеня спаўняецца два гады яго дачцэ Паўліне.

«Сёньня Дзень нараджэньня маёй дачкі, — піша Ігар. — Ёй споўнілася два гадкі. Але яна будзе сьвяткаваць яго бяз таты. На жаль, аб’яўленьне „Году адзінства“ ніяк не паўплывала на разьяднаньне нашай сям’і.

Першыя словы, першыя малюнкі... Колькі ўсяго я ўжо прапусьціў! І колькі яшчэ магу прапусьціць, калі ў гэты час міністры прамым тэкстам на нарадзе прызнаюцца ў фабрыкацыі крымінальных спраў. Але менавіта любоў да дачкі дае мне зараз сілы трымацца. Дый лекар у турме запэўнівае, што галаданьне нават карысна. Значыць, будзем працягваць».

Адвакат Дзьмітры Лепрэтар дадаў, што чакае даты разгляду сваёй скаргі на ўтрыманьне Ігара Лосіка пад вартай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG