Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі пасьля ператрусу і допыту адпусьцілі праваабаронцу Леаніда Судаленку


Леанід Судаленка.

Каля 10 гадзін працягваўся ператрус у гомельскім цэнтры апазыцыі. Пасьля гэтага праваабаронцу Леаніда Судаленку забралі ва Ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

5 студзеня супрацоўнікі Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй прыйшлі зь ператрусам у Гомельскі грамадзка-палітычны цэнтар «Палеская, 52».

Праваабаронца Васіль Палякоў пасьля ператрусу.
Праваабаронца Васіль Палякоў пасьля ператрусу.

Пры падтрымцы АМАП яны практычна 10 гадзін праводзілі ператрус. Такія дзеяньні міліцыянты патлумачылі тым, што ў офісе нібыта могуць быць «прадметы і рэчы», датычныя да крымінальнай справы Ўладзімера Няпомняшчых.

Па выніку каля 18.40 стала вядома, што на Палескай, 52 забралі дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці праваабаронцы Леаніда Судаленкі (пастановы судоў, абскарджваньні), а таксама тэхніку і бел-чырвона-белыя сьцягі. Праваабаронцу павезьлі «на гутарку» ва УБАЗІК.

Пратаколы ператрусу.
Пратаколы ператрусу.

Паводле перапісу, пасьля ператрусу забралі 304 прадметы. Зьнялі і забралі нават бел-чырвона-белыя сьцягі са сьцен.

Абноўлена. У кватэры Леаніда Судаленкі таксама правялі ператрус, пасьля якога з кватэры забралі дзьве банкаўскія карткі і нэтбук. Леаніда Судаленку празь некалькі гадзінаў адпусьцілі.

Пратаколы ператрусу.
Пратаколы ператрусу.

Судаленка ў пэрыяд выбараў і пасьля іх шмат дапамагаў удзельнікам пратэстаў — у абскарджваньні судовых пастаноў і г.д.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG