Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «Вольнае Глыбокае» спыніла выхад пасьля 26 гадоў працы


Уладзімер Скрабатун

Галоўны рэдактар выданьня Ўладзімер Скрабатун прызнаўся, што ў цяперашніх умовах газэта ня можа зарабіць нават на паслугі друкарні.

З новага году спыніла дзейнасьць незалежная газэта «Вольнае Глыбокае». Год таму выйшаў яе 1000-ы нумар, паведаміла «Радыё Рацыя». Над стварэньнем газэты і яе распаўсюдам апошні час працавала амаль адна сям’я галоўнага рэдактара і выдаўца Уладзімера Скрабатуна.

«Вольнае Глыбокае» праіснавала роўна 26 гадоў, апошні яе нумар выйшаў на каталіцкія Каляды.

Распаўсюдніца газэты і дачка галоўнага рэдактара Надзея Маліноўская сказала, што сур’ёзная праблема ў рэдакцыі толькі адна, але вельмі істотная — фінансаваньне.

«З улікам таго, што я, сястра, мама, тата — усе мы чацьвёра працуем на голым энтузіязьме і нічога не атрымліваем. Ужо некалькі гадоў. Але раней газэта сама сябе акупляла, і проста на ідэі мы працавалі. Цяпер мы ня можам зарабіць нават на друкарню».

Паводле рэдактара газэты Ўладзімера Скрабатуна, выратаваць выданьне ў цяперашніх умовах не дапамагло б нават зьмяншэньне накладу.

«За 900 асобнікаў я ня бачу сэнсу яе выдаваць. Сэнс такі: 900 асобнікаў альбо мільён, праца абсалютна тая ж самая. Толькі друк каштуе для 900 асобнікаў 435 рублёў. А калі б была тысяча, а калі б было дзьве тысячы? Гэта б ужо каштавала тысячу рублёў. Дзе такія грошы ўзяць? У нас столькі рэклямы няма».

Апошнім часам «Вольнае Глыбокае» выходзіла накладам 900 асобнікаў, хаця ў лепшыя часы яе наклад дасягаў 5000 экзэмпляраў. Для глыбачанаў і жыхароў суседніх раёнаў яна была цікавай у першую чаргу краязнаўчымі матэрыяламі і мясцовымі абвесткамі.

Цяпер Уладзімер Скрабатун спадзяецца толькі на інтэрнэт. Цяпер ён будзе працаваць над раскручваньнем электроннай вэрсіі газэты — сайтам vglybokaye.by.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG