Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: «Калі ўлады працягнуць рэпрэсіі, вясной атрымаем новы выбух пратэстаў»


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, лічыць, што канфлікт у Беларусі за апошні час паглыбіўся. 

«Бізнэс усё часьцей задумваецца пра тое, каб зьехаць з краіны, — сказаў экспэрт „Голасу Амэрыкі“ . — Прычым гаворка ня толькі пра малых прадпрымальнікаў і IT-сэктар, а таксама пра кіраўніцтва буйных прадпрыемстваў. Калі людзі ўсё яшчэ знаходзяцца ў посттраўматычным шоку, рашэньні прымаюцца асабліва эмацыйныя. Таму уявіць, што атрымаецца выйсьці з крызісу шляхам дыялёгу ўлады і грамадзтва, немагчыма».

Пачатку дыялёгу, на думку суразмоўцы, павінны папярэднічаць абсалютна відавочныя дзеяньні з боку беларускай улады: вызваленьне палітвязьняў, аднаўленьне элемэнтарнай законнасьці, пакараньне вінаватых у рэпрэсіях. Калі ж Лукашэнка правядзе анансаваны Ўсебеларускі народны сход у тым жа духу, як і пяць папярэдніх, ніякага толку ня будзе, перакананы Яраслаў Раманчук

«Калі ён працягне сьцьвярджаць, што пратэстоўцы мярзотнікі, алькаголікі, дармаеды і трэба іх душыць, ну тады вясной атрымаем новы выбух пратэставага супрацьстаяньня, які пагоршыцца яшчэ і станам эканомікі, — кажа эканаміст. — На ўзроўні прадпрыемстваў сьпее незадаволенасьць, зьвязаная ня толькі з гуманітарнымі аспэктамі, але і непасрэдна з эканамічнымі — заробкам, сацыялкай, пэнсійным забесьпячэннем, цэнамі».

Вырашыць гэты комплекс праблем самастойна, без удзелу бізнэсу і грамадзтва, уладам папросту немагчыма, вывеў Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG