Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сытуацыя патавая». Эканаміст Раманчук пра 100-мільярдную запазычанасьць дзяржаўнага сэктару


Прахадная Менскага трактарнага заводу

Запазычанасьць беларускіх арганізацый па крэдытах і пазыках на 1 лістапада вагаецца ў межах 100 млрд рублёў. Гэта амаль на 25% больш, чым 1 студзеня, сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Як паведамляе БелаПАН ​,​ крэдыторская запазычанасьць на 1 лістапада склала 59 млрд 455 млн рублёў, або на 9% больш, чым на пачатак году. Вонкавая дэбіторская запазычанасьць вырасла на 44,7%, да 13 млрд 696 млн рублёў.

Дэбіторская запазычанасьць на 1 лістапада склала 50 млрд 341 млн рублёў, або на 21% больш, чым на 1 студзеня 2020 году.

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Яраслаў Раманчук у камэнтары для БелаПАН адзначыў, што рост запазычанасьці пагаршае становішча як прадпрыемстваў, так і банкаўскай сыстэмы.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Усе надзвычай закрэдытаваныя, пры гэтым ільвіная доля прыпадае на дзяржсэктар. Прадпрыемствы зноў стаяць з працягнутай рукой да ўраду — дайце яшчэ грошай, рэструктурызацыю даўгоў. Дзяржбанкі кажуць тое ж самае Нацыянальнаму банку. Сытуацыя патавая, бо, як толькі Нацбанк, які раней разважліва сябе павёў і зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, пачне патураць такога кшталту патрабаваньням, курс на ўзроўні 3-3,5 рубля за даляр і інфляцыя больш за 10% непазьбежныя», — падкрэсьліў эканаміст.

У пацьверджаньне слоў экспэрта — зьвесткі пра колькасьць стратных арганізацый у адным толькі Менску: рост амаль на 40%.

Паводле галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Менску, лічба стратных арганізацый за студзень–кастрычнік у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2019 году павялічылася з 235 да 325 (на 38%). Чысты прыбытак зафіксаваны на адзнацы 2 млрд 985 млн рублёў — на 12% менш, чым летась.

Прыбытак да падаткаабкладаньня склаў 3 млрд 877 млн рублёў, што на 10% менш, чым у справаздачны пэрыяд год таму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG