Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША пераадолеў вэта Трампа на законапраект аб абаронным бюджэце


Амэрыканскія вайскоўцы ў Аўганістане, люты 2019 г.

Кангрэс ЗША адмяніў вэта прэзыдэнта Дональда Трампа на законапраект аб палітыцы ў галіне абароны. Гэта было зроблена ўпершыню з часу, як цяперашні кіраўнік Белага дому ўступіў на пасаду амаль чатыры гады таму.

Галасаваньне ў Сэнаце (81 голас «за» і 13 «супраць») адбылося ўсьлед за галасаваньнем у Палаце прадстаўнікоў (322 галасы «за» і 87 «супраць»).

Законапраект, у якім сума выдаткаў на абарону вызначана на ўзроўні 740 мільярдаў даляраў, прадугледжвае павышэньне грашовага забесьпячэньня вайскоўцаў на 3% і вызначае прыярытэты абароннага бюджэту, замацоўваючы рашэньні адносна колькасьці войскаў, новых сыстэмаў узбраеньня, боегатоўнасьці, кадравай палітыкі і іншых вайсковых мэтаў.

23 сьнежня Трамп адмовіўся падпісаць праект абароннага бюджэту, які ўжо прайшоў праз абедзьве палаты Кангрэсу, патлумачыўшы гэта тым, што, зь ягонага пункту гледжаньня, ён не ўключае «крытычных захадаў для абароны нацыянальнай бясьпекі». Пры гэтым ён назваў прапанаваны яму на подпіс дакумэнт «падарункам для Расеі і Кітаю».

Трамп таксама пярэчыў супраць перайменаваньня вайсковых аб’ектаў, якія цяпер названыя ў гонар генэралаў-канфэдэратаў; супраць абмежаваньня магчымасьці выводзіць амэрыканскія войскі зь Нямеччыны, Паўднёвай Карэі і Аўганістану.

Сярод іншага Дональд Трамп настойваў на адмене разьдзелу, які вызваляе інтэрнэт-плятформы ад юрыдычнай адказнасьці за кантэнт, які публікуюць карыстальнікі. Прыхільнікі Трампа лічаць, што з дапамогай такіх мераў можна будзе больш эфэктыўна змагацца з прапагандай тэрарызму ў інтэрнэце. У сваю чаргу, крытыкі такой прапановы называюць гэта парушэньнем свабоды слова.

Праект абароннага бюджэту ЗША на 2021 год уключае новыя санкцыі супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправодаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток».

Акрамя таго, дакумэнт прадугледжвае далейшыя пастаўкі ўзбраеньня Ўкраіне і санкцыі ў дачыненьні да Турэччыны за набыцьцё расейскіх ракетных комплексаў.

З 1960-х гадоў абаронны бюджэт у ЗША прымаўся кожны год, і кіраўнік дзяржавы ніколі яго не блякаваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG