Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На 97 працэнтаў нашай краіны ў нас адно вялікае пажаданьне». Гераіня беларускіх пратэстаў пра ад’езд і пляны на будучыню


Яна і Арцём
Яна і Арцём

Здымак затрыманьня 29-гадовай мянчанкі Яны стаў знакамітым. Яе затрымалі 20 верасьня 2020 году ў Менску пасьля Маршу справядлівасьці. Упэўненыя і спакойныя паводзіны дзяўчыны, якую вядуць пад рукі сілавікі ў чорным, сталі адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў.

У інтэрвію для Радыё Свабода ў канцы верасьня Яна казала, што будзе працягваць выходзіць на маршы. Так і было, пакуль у ноч з 10 на 11 сьнежня дзяўчына разам са сваім маладым чалавекам Арцёмам ня выехалі ў Польшчу. Таму на традыцыйны нядзельны марш пара выйшла ўжо ў Варшаве.

«Усё законна, ніхто нікога ня біў, нікога не затрымлівалі. Гэта самае вялікае ўражаньне, — расказвае Яна пра нядзельную акцыю ў Варшаве. — Ніякіх людзей у чорным, нас толькі паліцыя папярэдзіла, каб шмат людзей разам не зьбіралася ў сувязі з эпідэміяй».

Рашэньне пакінуць Беларусь, кажа дзяўчына, спантанным не было.

«Пасьля затрыманьня да мяне зьявілася падвышаная ўвага. Далей я ўжо зразумела, што калі я працягну сваю грамадзянскую пазыцыю выказваць, то альбо зьнікну бязь вестак, альбо сяду, — тлумачыць Яна. — Абодва варыянты былі ня самымі захапляльнымі. Вырашылі з маім маладым чалавекам, што так будзе больш бясьпечна».

Штуршком для ад’езду стала рашэньне ўладаў абмежаваць выезд зь Беларусі. Пара выехала неўзабаве пасьля таго, як інфармацыя пра гэта зьявілася ў СМІ.

«Мы перайшлі мяжу ў ноч з 10 на 11 сьнежня, — кажа Яна. — Выйшла пастанова, мы так і зразумелі, што варыянтаў не засталося, проста заціскаюць у кут. Сабралі валізкі і зьехалі».

У папярэднім інтэрвію яна мала расказвала пра сваё асабістае жыцьцё, хоць шмат хто з камэнтатараў у сацсетках адразу прапаноўваў Яне сур’ёзныя стасункі.

Арцём перажывае, што ў дзень затрыманьня Яны ня змог быць зь ёй побач. Кажа, што ў той дзень увесь час сазвоньваліся, і ў нейкі момант тэлефон Яны аказаўся адключаны. Увесь вечар Арцём шукаў Яну па розных РУУСах, гадзіну сядзеў пад Акрэсьціна. Яну вызвалілі праз суткі з Жодзіна, даўшы штраф 5 базавых велічыняў.

«Мне прыйшла смс, што тэлефон Яны даступны. Я перазвоньваю, Яна адказвае — і мае эмоцыі цяжка апісаць, — расказвае Арцём. — Я быў такі шчасьлівы, што яна жывая і здаровая».

Да папулярнасьці Яны Арцём ставіцца дваіста. Моцна перажывае за бясьпеку дзяўчыны, да таго ж чытаў нэгатыўныя камэнтары пад артыкуламі пра яе, і яго такія камэнтары засмучаюць. Рашэньне Яны зьехаць зь Беларусі Арцём падтрымлівае.

«Яе маглі альбо пасадзіць, альбо знайсьці ў канаве, — кажа ён. — З гэтай уладай няма чаму зьдзіўляцца. Таму я рашэньне Яны падтрымаў, дый мяне тут таксама ўжо нічога не трымала».

Польскай мовы маладыя людзі ня ведаюць. Кажуць, што з палякамі размаўляюць па-беларуску. «Да беларусаў ставяцца адэкватна, — кажа Арцём. — Па-расейску тут лепш не размаўляць».

У Варшаве пара з 22 сьнежня. Уздыхаюць, што нават не пасьпелі яшчэ агледзецца, зразумець, што зь імі адбылося.

«Пакуль прызвычайваемся, — кажа Яна. — Беларусаў, такіх як мы, тут нямала. Мы зьвярталіся па дапамогу ў Беларускі дом у Варшаве. Нават у нядзелю ён працаваў, там шмат было людзей. Шмат хто мае патрэбу ў дапамозе, і яны яе атрымліваюць. Прыемна, што ім дапамагаюць».

«Калі ўлада памяняецца, мы вернемся, — кажа Арцём. — Пакуль будзем старацца жыць наноў».

Тое, што здарылася, на іх стасункі паўплывала станоўча. «Мы ўсё вырашаем разам, — кажа Арцём. — Узяць той жа пераезд. Гэта ж няпростае мерапрыемства. Калі складанасьці ўзьнікаюць, таксама ўсё разам вырашаем. У нас моцныя стасункі цяпер».

Навагоднія пажаданьні ў Яны і Арцёма супадаюць.

«Я жадаю ўсім заставацца такімі ж невераемнымі, такімі ж моцнымі духам, — кажа Арцём. — Усе гэтыя падзеі ў Беларусі сапраўды паказалі, хто ёсьць хто. Я рады, што беларусы так зьядналіся. З Новым годам усіх. Жыве Беларусь!».

«Я дакладна ведаю, што на ўсе 97 працэнтаў нашай краіны ў нас адно вялікае пажаданьне, — працягвае Яна. — І я ўпэўненая, што год пацука, які сыходзіць, забярэ асноўнага пацука з сабой, і нашае жаданьне збудзецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG