Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усталявалі кантакты з 25 краінамі». Каманда Ціханоўскай падвяла вынікі 2020 году


Сьвятлана Ціханоўская

Сярод асноўных вынікаў назвалі пашырэньне міжнароднага супрацоўніцтва, распрацоўку «Канстытуцыі новай Беларусі» і прыняцьце «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».

Канфэрэнцыя праходзіла праз плятформу Zoom, сама экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла на ёй зь Вільні, дзе знаходзіцца на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню.

У сустрэчы прынялі ўдзел:

  • Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях эканамічных рэформаў;
  • Анатоль Лябедзька, прадстаўнік у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы;
  • Гары Паганяйла, прадстаўнік у пытаньнях правоў чалавека;
  • Вольга Шпарага, прадстаўніца ў пытаньнях адукацыі;
  • Валер Кавалеўскі, прадстаўнік у міжнародных справах;
  • Францішак Вячорка, дараднік у пытаньнях міжнародных дачыненьняў;
  • Аляксандар Дабравольскі, старшы палітычны дараднік;
  • Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская на пачатку канфэрэнцыі павіншавала з днём народзінаў Ніну Багінскую, якую назвала «маці беларускіх пратэстаў», а таксама палітвязьня Паўла Севярынца. Таксама яна падкрэсьліла важнасьць мірных пратэстаў, якія пэрманэнтна заганяюць рэжым у пастку.

«Кожны раз, калі людзі выходзяць на пратэст, вывешваюць бел-чырвона-белы сьцяг, адмаўляюцца спансаваць рэжым — такім чынам мы цісьнем на цяперашнія ўлады. Вельмі важна, каб мірныя пратэсты працягваліся ў любой форме».

Ціханоўская заявіла, што нельга даваць рэжыму нагоду казаць, што «пратэсты зьдзьмуліся», бо «гэта ня так». Яе каманда за некалькі месяцаў усталявала кантакты з 25 краінамі, і гэтая праца працягваецца.

Алесь Аляхновіч пацьвердзіў ранейшую тэзу, што ў беларускай эканоміцы працягваецца стагнацыя. Даўно абяцанай лічбы ў 500 даляраў пры рэжыме Лукашэнкі не дасягнуць.

«Крэатыўным людзям, у тым ліку бізнэсоўцам, няма шляхоў да разьвіцьця. У 2020 годзе многія пасады ў дзяржаве перайшлі ад тэхнакратаў да людзей у пагонах. Засталося дачакацца, калі амапаўцы запрацуюць замест лекараў і настаўнікаў».

Аляхновіч зазначыў, што каманда Ціханоўскай падтрымлівае кантакты зь беларускімі бізнэсоўцамі і міжнароднай экспэртнай супольнасьцю. Візавая падтрымка, падрыхтоўка ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю — толькі некалькі дасягненьняў, якіх дамаглася каманда ўвосень. Беларускі эканаміст перакананы, што як толькі ўлада ў краіне зьменіцца, шэраг міжнародных арганізацый, фонды, банкі, замежныя інвэстары дапамогуць Беларусі выйсьці з эканамічнага крызісу і стаць на шлях прагрэсу. Такія абяцаньні шэраг арганізацый даў падчас шматлікіх перамоваў.

Анатоль Лябедзька перасьцярог беларусаў, якія змагаюцца супраць Лукашэнкі, ад празьмернай канцэнтрацыі на адной асобе. На ягоную думку, важна ня толькі адхіліць ад пасады аўтарытарнага кіраўніка, але і зьмяніць сыстэму, якую ён пабудаваў. Лябедзька заявіў, што «лукашызм можа вярнуцца, толькі з новымі прозьвішчамі», калі не зрабіць дэталёвай працы па ўкараненьні новых падыходаў у палітыцы.

Паводле Лябедзькі, ягоная група ўжо мае падрыхтаваны праект Выбарчага кодэксу. У публічнай прасторы ёсьць тры разьдзелы «Канстытуцыі новай Беларусі».

Вольга Шпарага назвала некалькі лічбаў, якія дазваляюць заявіць пра нечуваны ціск на ўнівэрсытэты і школы з боку рэжыму. 131 студэнт адлічаны з ВНУ, многіх адлічаных прымусова адпраўляюць на службу ў войска. З рэпрэсіямі сутыкнуліся больш за 100 выкладчыкаў. Ціснуць і на настаўнікаў, дырэктараў школаў, якія адмовіліся фальсыфікаваць выбары ці ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.

Разам з гэтым ёсьць і пазытыўныя моманты — рэпрэсаваныя беларускія выкладчыкі і студэнты паступова атрымліваюць дапамогу за мяжой. Адлічаныя з ВНУ студэнты ўжо атрымалі дапамогу ў 23 унівэрсытэтах 9 краін сьвету. Каманда стварыла «Мапу праблем беларускай адукацыі», сярод якіх адсутнасьць акадэмічнай свабоды, ідэалягізацыя, іншае.

Валер Кавалеўскі сярод асноўных вынікаў году адзначыў дзейнасьць дыпляматаў. На яго перакананьне, Міністэрства замежных спраў толькі тады можа прынесьці карысьць дзяржаве, калі кіруецца нацыянальнымі інтарэсамі. Але ў сучаснай Беларусі гэта зусім ня так. Вялікім паказьнікам зацікаўленасьці міжнароднай супольнасьці ў беларускіх справах можна назваць санкцыі Злучаных Штатаў супраць АМАПу, групы «Альфа» і іншых людзей, якія ўдзельнічалі ў жорсткім здушэньні акцыяў пратэстаў.

Францішак Вячорка заявіў пра адзінства, якое стала галоўным дасягненьнем 2020 году для беларускіх дэмакратаў. Цяпер, на яго думку, беларускіх апазыцыйных палітыкаў яднае значна больш, чаго не было ўжо шмат гадоў.

На пытаньне Свабоды, якія беларускія дыяспары можна асабліва адзначыць у справе супрацоўніцтва з камандай Сьвятланы Ціханоўскай, Валер Кавалеўскі адказаў:

«Год паказаў, што дыяспары па ўсім сьвеце захоўваюць трывалую сувязь зь беларускай зямлёй, шэраг беларускіх арганізацый замежжа прадэманстравалі высокі ўзровень зацікаўленасьці, удзелу ў беларускіх справах. Адзін з найбольш эфэктыўных паказьнікаў — прыняцьце ЗША „Акту аб дэмакратыі ў Беларусі“. Але і ў іншых краінах мясцовыя беларусы імкнуліся дапамагчы агульнай справе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG