Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка перад Новым годам прыехаў на базу АМАПу, уручыў узнагароды сілавікам і сказаў пра сваю «гістарычную місію»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка падчас наведваньня базы АМАПу ў Менску ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам міліцыі і вайскоўцам і зноў абразіў бел-чырвона-белы сьцяг.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што бачыць у сілавіках «сапраўдных патрыётаў Радзімы, людзей абавязку, гонару і сумленьня», піша БЕЛТА.

Сярод узнагароджаных — намесьнік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, камандзір адмысловага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Аляксандар Быкаў, камандзір менскага АМАПу Дзьмітры Балаба, горадзенскага — Віктар Краўцэвіч, берасьцейскага — Максім Міховіч.

Сярод вайскоўцаў Лукашэнка ўзнагародзіў камандзіра 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксея Ялфімава, камандзіра 38-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксандра Ільюкевіча, камандзіра 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Дзьмітрыя Кучука, начальніка Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў Памежнага камітэту Ігара Кручкова.

Прынамсі некаторыя са сьпісу ўзнагароджаных Аляксандрам Лукашэнкам увоходзяць у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, уведзены супраць беларускіх чыноўнікаў, пакараных за фальшаваньне выбараў і пасьлявыбарчы гвалт: намесьнік кіраўніка МУС Казакевіч, камандзір менскага АМАПу Балаба і камандзір Берасьцейскага АМАПу Міховіч. Былы кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў знаходзіцца ў аб'ядныным санкцыйным сьпісе краін Балтыі.

Выступаючы перад прадстаўнікамі сілавых структур, Лукашэнка заявіў:

«Хачу, каб вы разумелі маю пазыцыю. Яна нязьменная: наш абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленьнямі — захаваць краіну. І мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала. Захаваем для ўсіх нас, нашых дзяцей і ўнукаў. У гэтым мая і ваша галоўная задача. Калі хочаце, гістарычная місія».

«Мяцеж, бліцкрыг або каляровая рэвалюцыя не прайшлі. Таму тыя няўдалыя змагары, якія сядзяць у цёплых замежных кабінэтах, працягваюць вынаходзіць усё новыя падкопы супраць нашай дзяржавы, як яны кажуць, на карысьць беларускага народу. Дабра толькі не відаць. У гэтых дзеячаў свае спэцыфічныя ўяўленьні і разуменьне палітыкі», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка паўтарыў свае ранейшыя тэзы пра нарошчваньне вайсковага патэнцыялу ля заходніх межаў Беларусі і заходніх лялькаводаў:

«Вядучую ролю ў арганізацыі вулічных беспарадкаў адыгрываюць замежныя лялькаводы і іх памагатыя-калябаранты, якія ня здолелі іншым чынам паказаць сваю хоць нейкую палітычную значнасьць. Мы ўжо з вамі бачылі такіх у кадрах нямецкай кінахронікі: захоплена маршыруюць з БЧБ-сьцягамі і партрэтамі фюрэра. Немагчымая гераізацыя нацызму ў краіне, якая страціла кожнага трэцяга свайго грамадзяніна», — сказаў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG