Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці трох дзяцей прысудзілі штраф за тое, што была на вуліцы зь дзіцячым вазком


Кацярыне Лявонавай, маці трох дзяцей, за прагулку зь немаўлём у вазку прысудзілі як за «несанкцыянаванае мерапрыемства» штраф у 540 рублёў.

Пра гэта паведамляе інфармацыйны партал «Палеская вясна».

Кацярыну Лявонаву, жыхарку Мазыра, абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Судовы разбор яе справы адбыўся 28 сьнежня. У Лявонавай трое дзяцей, малодшаму сыну ўсяго 8 месяцаў. У будынак суду яна мусіла прыйсьці з малодшым дзіцем у вазку, бо яго няма з кім пакінуць.

Кацярыне Лявонавай ставілі ў віну тое, што яна 4 кастрычніка нібыта ўзяла актыўны ўдзел у мірным сходзе.

«На бульвары, дзе на мяне напісалі пратакол, я павольна праходжвалася зь дзіцем у вазочку. Дзіця спала. Мы былі разам з кумой. Побач гулялі ейныя дзеці. Былі іншыя людзі. Раптам аднекуль зьявіліся прадстаўнікі карных структураў і пачалі гучна крычаць у мэгафон. Яны крычалі, што знаходжаньне людзей на бульвары — гэта масавае мерапрыемства і яно незаконнае. Загадвалі нам разысьціся. Пры гэтым у мяне асабіста не было аніякіх плякатаў, сымболікі ці нечага яшчэ, што можна было б расцаніць як выказваньне меркаваньняў. Ня бачыла я нічога такога і ў іншых прысутных там людзей. Ні я, ні хто іншы не выказвалі аніякіх лёзунгаў альбо заклікаў», — сказала Кацярына Лявонава.

«Але сваімі крыкамі ў мэгафон міліцыянты разбудзілі і напужалі маё дзіця. Яно пачало плакаць. Я выказала заўвагу пра гэта маёру Андрэю Ляўданскаму. Ён адказаў, што я такім чынам пратэстую і павінна сысьці адтуль. У нас завязалася невялікая сварка. І я думаю, што менавіта ў сувязі з гэтым асабіста Ляўданскі прыклаў намаганьні, каб мяне пакаралі», — дадала яна.

Тое, што ў яе не было ніякай атрыбутыкі ці сымболікі, пацьвердзіў і відэазапіс, аб разглядзе якога хадайнічала Лявонава. Але на вынік судовага паседжаньня гэта не паўплывала.

Судзьдзя Галіна Кніжонак-Максімава падпісала пастанову аб прызнаньні Кацярыны Лявонавай вінаватай ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня і прызначыла ёй пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 540 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG