Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акрэсьціна ня мае патрэбы ў параўнаньні. Развагі нямецкага гісторыка пра тэрміналёгію і мінулае


Ізалятар на завулку Акрэсьціна, Менск.
Ізалятар на завулку Акрэсьціна, Менск.

Зь сярэдзіны жніўня ў тэлеграм-каналах, на пратэставых плякатах і ў інтэрнэце ўвесь час сустракаецца атаясамленьне «Акрэсьціна = Асьвенцім». Акрамя гэтага, часта кажуць пра «генацыд беларускага народу», згадваюць гестапа, 1937 год і НКВД.

Гэты тэкст растлумачвае пазыцыю гісторыка ў дачыненьні да гэтых параўнаньняў (правільней сказаць — атаясамленьняў). Гаворка не пра тое, каб прыменшыць зьверствы рэжыму, а пра тое, наколькі сувымерныя і мэтазгодныя гэтыя параўнаньні, піша Крыстыян Ганцэр.

Крыстыян Ґанцэр (Christian Ganzer) — кандыдат гістарычных навук. Да сфэры яго дасьледчых інтарэсаў належаць гісторыя Ўсходняй Эўропы і вайсковая гісторыя, а таксама аналіз музэяў. Ён быў адным з аўтараў-укладальнікаў зборніка «Брэст. Лета 1941 г.». Са жніўня 2020 году ён вывучае праўладную прапаганду ў Беларусі і ўдзельнічае ў акцыях салідарнасьці.

Крысьціян Ганцэр
Крысьціян Ганцэр

Параўнаньні дапамагаюць нам арыентавацца ў сьвеце. Мы мэнтальна супастаўляем новыя фэномэны з ужо вядомымі, каб зразумець іх і падабраць для іх словы, тэрміналёгію. У беларускай сытуацыі за параўнаньнем хаваецца таксама жаданьне зрабіць неспасьцігальнае зразумелым — і выказаць драматызм і маштаб траўматычнага гвалту і несправядлівасьці. Цалкам можна зразумець, калі абурэньне перад абліччам беззаконьня і дзяржаўнага тэрору выяўляецца ў словах «Акрэсьціна = Асьвенцім», або ў параўнаньнях з гестапа. Эмоцыі бурляць, і толькі самыя моцныя выразы здаюцца сувымернымі для апісаньня гвалту, беспрэцэдэнтнага ў найноўшай гісторыі краіны.

У гістарычнай памяці людзей у Беларусі ўсё яшчэ прысутнічаюць жахі Другой сусьветнай вайны і акупацыі, а таксама сталінскага тэрору. Таму, калі гаворка ідзе пра клясыфікацыю сучасных падзей, спасылка на гэтыя рэжымы тэрору не выклікае зьдзіўленьня. Можна праводзіць разнастайныя параўнаньні, напрыклад, каб вызначыць падабенствы і адрозьненьні і лепш зразумець падзеі. Але ці дапамагаюць нам такія параўнаньні і атаясамленьні ў гэтым выпадку?

Давайце разьбярэмся: ці сапраўды «Акрэсьціна = Асьвенцім»?

Калі мы гаворым пра «Асьвенцім» (ці «Аўшвіц»), то, як правіла, маем на ўвазе лягер сьмерці Аўшвіц-Біркенаў (Аўшвіц II). «Асьвенцім» — сынонім масавага, пастаўленага на канвэер зьнішчэньня людзей, а таксама кодавае імя для абсалютнага зла ў чалавечай гісторыі.

Каб хутка праверыць параўнаньне Акрэсьціна з Асьвенцімам на праўдзівасьць, мы можам паставіць наступныя пытаньні:

  • Ці існуюць на тэрыторыі Акрэсьціна збудаваньні, спэцыяльна пастаўленыя і прызначаныя для забойства вялікай колькасьці людзей?
  • Ці забіваюць на Акрэсьціна штодня сотні ці нават тысячы людзей?
  • Ці прымалася рашэньне пра забойства пэўных людзей на падставе расісцкіх або антысэміцкіх крытэраў?
  • Ці ёсьць там прыстасаваньні для эфэктыўнай «утылізацыі» вялікай колькасьці трупаў?

Ва ўсіх выпадках адказ гучыць «не». Акрэсьціна — гэта ня месца масавага зьнішчэньня, там можа апынуцца любы, хто выпадкова трапіць у рукі апрычнікаў з АМАПу або міліцыі, незалежна ад паходжаньня або нацыянальнасьці. Акрэсьціна — гэта месца, дзе людзей неправамерна ўтрымліваюць і катуюць, але гэта ня лягер сьмерці.

Ці ўзьнікла новае «Менскае гета»?

Нямецкія акупанты ў час Другой сусьветнай вайны заключылі габрэйскае насельніцтва ў абгароджаныя жылыя кварталы, каб пазьней было прасьцей іх забіваць. У гета бракавала ўсяго: свабоды, месца, гігіены, ежы, вады. Прынятыя сучаснымі ўладамі ў Менску меры незаконна абмяжоўваюць свабоду людзей. Гэта абуральны скандал, які цалкам непрымальны. Аднак ніхто тут не галадае, ніхто не прымушаны цясьніцца ў адным пакойчыку зь яшчэ трыма сем’ямі, нікога не расстрэльваюць за спробу прынесьці жменьку гнілой бульбы. Атаясамленьне са злачынствамі нацыянал-сацыялістаў у гэтым выпадку не да месца.

Ці адбываецца «генацыд беларускага народу»?

У штодзённай мове пад «генацыдам» мы звычайна разумеем масавае зьнішчэньне людзей. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня пад генацыдам маюцца на ўвазе змова і дзеяньні, накіраваныя на зьнішчэньне пэўнай групы людзей (народу, рэлігійнай меншасьці, этнасу і г. д.). Ні таго, ні другога ў Беларусі цяпер няма. Гвалт з боку дзяржаўных органаў — адчайная спроба здушыць пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і захаваць уладу Лукашэнкі, аднак гэта не сыстэматычнае масавае забойства. Тыя, хто ўжывае гвалт, відавочна ня ставяць на мэце гібель людзей, хоць сьмерць цынічна прымаецца імі як магчымае наступства гэтага гвалту.

А што наконт параўнаньня з гестапа і НКВД?

На першы погляд, лёгка правесьці паралелі паміж апошнімі падзеямі ў Беларусі і дзеяньнямі тайнай паліцыі нацыянал-сацыялістаў і сталіністаў: людзей без тлумачэньняў выкрадаюць ананімныя злачынцы, людзей прыніжаюць і катуюць, у іх няма рэальнай магчымасьці супрацьстаяць падобнаму абыходжаньню ў прававым полі. Аднак, у адрозьненьне ад ахвяраў гестапа і НКВД, затрыманыя і выкрадзеныя ў Беларусі зьнікаюць не назаўсёды — на жаль, за некалькімі трагічнымі выключэньнямі. Як правіла, іх не забіваюць і не закопваюць у лесе ў ананімнай магіле. Замест гэтага судзьдзі прысуджаюць ім арышт або турэмнае зьняволеньне, і пазьней яны вяртаюцца на волю. Цяпер не 1937 год, у цяперашні час не ўзьнікаюць новыя Курапаты. Як бачым, няма падставаў і для атаясамленьня беларускіх сілавікоў з гестапа і НКВД.

Чаму лепш наогул пазьбягаць падобных параўнаньняў?

Супраць іх можна прывесьці цэлы шэраг аргумэнтаў:

  • Перабольшаньні робяць падобную аргумэнтацыю ня больш пераканаўчай, а наадварот, больш уразьлівай. Бо можна паставіць пытаньне: «Калі пратэставы рух выкарыстоўвае няслушныя параўнаньні — магчыма, у словах пратэстоўцаў утрымліваюцца і іншыя перабольшаньні і недакладнасьці?»
  • Падобныя атаясамленьні прымяншаюць рэальныя гістарычныя злачынствы. Калі Акрэсьціна выглядае як Асьвенцім, то ў Асьвенціме ўсё было ня так ужо дрэнна. І ў выпадку «гета» можна сказаць: «Калі ў гета ў 1941–1942 гадах усё было гэтаксама, як сёньня ў „асобных раёнах“ у Менску, то фашысты былі не такімі ўжо дрэннымі».
  • Многія ўспрымаюць такое прымяншэньне гістарычных масавых злачынстваў як абразу мільёнаў ахвяраў і іх родных, хоць зразумела, што пратэставы рух ня ставіў сабе за мэту прыменшыць ні Галакост, ні сталінскія рэпрэсіі.
  • Такое атаясамленьне хутчэй дыскрэдытуе пратэставы рух у вачах тых, хто падтрымлівае яго за мяжой: многія сярод гэтых людзей шчыра і рашуча не прымаюць любога прымяншэньня Галакосту. Акрамя таго, яно можа ўспрымацца як праява антысэмітызму.
  • Атаясамляючы Асьвенцім і Акрэсьціна, мы ня зможам зразумець цалкам тое, што адбывалася на Акрэсьціна. Гэтае атаясамленьне перашкаджае нам за аналёгіямі бачыць спэцыфіку падзей, якая можа быць вельмі важнай.
  • Перабольшаньні пазбаўляюць пратэставы рух моўных магчымасьцяў: калі сучасныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі — ужо генацыд, 1937 год або Асьвенцім, то якія словы застануцца нам, калі рэжым у будучыні сапраўды дойдзе да масавых расстрэлаў?

Як гэта назваць?

Акрэсьціна ня мае патрэбы ў параўнаньні. Гэта месца злачынстваў, якіх незалежная Беларусь яшчэ ня бачыла, і Акрэсьціна ўжо несьціральна ўпісанае ў калектыўную памяць людзей у Беларусі. Акрэсьціна мае значэньне само па сабе. Каб растлумачыць замежнікам, што такое Акрэсьціна, няма неабходнасьці зьвяртацца да параўнаньня з Асьвенцімам. Дастаткова будзе кароткага тлумачэньня, што ў гэтым месцы ўчыняліся зьверствы, якіх Беларусь ня бачыла з часоў вайны, зьверствы, якія шакавалі ўсё грамадзтва.

Я зьвяртаюся да ўсіх з просьбай больш не выкарыстоўваць параўнаньні з Асьвенцімам. Яны няслушныя, і да таго ж яны абражаюць пачуцьці многіх людзей і шкодзяць пратэставаму руху больш, чым дапамагаюць. Калі пратэставы рух атрымае таўро «антысэміцкага», то гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы для міжнароднай падтрымкі. А менавіта да гэтага можа прывесьці прымяншэньне Галакосту з боку пратэстоўцаў.

Аднак варта таксама памятаць: што здарылася аднойчы, можа здарыцца зноў. Масавыя злачынствы ХХ стагодзьдзя могуць паўтарыцца ў тых самых або падобных формах. Рэжым, які бесцырымонна ўжывае гвалт і тэрор супраць уласнага насельніцтва і адмаўляецца ад права і законаў, патэнцыйна таксама можа прыйсьці да эскаляцыі гвалту. Таму прадухіленьне далейшых і, магчыма, больш цяжкіх злачынстваў — нароўні з фальсыфікацыяй выбараў і гвалтам — гэта яшчэ адна прычына, дзеля якой неабходна спыніць Лукашэнку і яго памагатых.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG