Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакідаў ля знойдзеных помнікаў запіскі пад сьвечкай». Выйшла кніга пра беларускія пахаваньні ў Чэхіі і Славаччыне з Google maps


«Магілы беларусаў у Чэхіі і Славаччыне»
«Магілы беларусаў у Чэхіі і Славаччыне»

У канцы 2020 году ў Чэхіі выйшла кніга пра беларусаў, пахаваных на чужыне. Пра ўнікальнасьць і спэцыфіку выданьня «Магілы беларусаў у Чэхіі і Славаччыне» расказвае яе аўтар Сяргей Кнырэвіч.

Як нарадзілася кніга

Неўзабаве пасьля таго, як мая сям’я пераехала ў Чэхію, я пачаў цікавіцца тым, а хто ж зь беларусаў тут жыў да мяне. У маёй бібліятэцы была кніга Ларысы Геніюш «Споведзь», і многія імёны ўпершыню сталі для мяне вядомымі дзякуючы гэтай кнізе. Далейшыя пошукі ў архівах дазволілі значна пашырыць сьпіс імёнаў беларусаў, якія вучыліся і жылі ў міжваеннай Чэхаславаччыне.

Мая праца набыла больш канкрэтны кірунак, калі ўдалося знайсьці нашчадкаў інжынэра Аляксандра Калошы і я атрымаў у рукі ключ, які назваў «сьпісам Вольгі Калошы» (Вольга была жонкай Аляксандра). Яе рукой на аркушы былі запісаныя імёны тутэйшых беларусаў і іхныя адрасы на пэрыяд прыкладна 1939–1941 гг. Фактычна за адну ноч я знайшоў па гэтым сьпісе першага нашчадка беларусаў: апоўначы напісаў у Пльзень на мэйл незнаёмаму чалавеку , які меў прозьвішча Вітушка, і ўжо раніцай атрымаў адказ. Мне напісаў сын аднаго з самых актыўных удзельнікаў беларускай эміграцыі Аляксандра Вітушкі. Праз тыдзень я быў у Пльзені ў сына Вітушкі, і мы разам паехалі на магілу ягонага бацькі ў маленькі гарадок Горні Бржыза.

Як і колькі магілаў удалося знайсьці

Спачатку, ня маючы яшчэ ў руках таго сьпісу Вольгі Калошы, я абапіраўся на кнігу Геніюш, інтэрнэт і архівы. Потым, калі ўжо меў уяўленьне, дзе людзі жылі і могуць быць пахаваныя, пачаў абыходзіць мясцовыя могілкі, пакідаў ля знойдзеных помнікаў запіскі пад сьвечкай. Мне адгукаліся некаторыя нашчадкі.

Пакуль удалося знайсьці 40 не вядомых раней магіл.

Якая знаходка была самай сэнсацыйнай

Доўгі час не было дакладна вядома, дзе ж пахаваны Мікола Вяршынін, самая знакавая фігура беларускай эміграцыі ў Чэхаславаччыне пэрыяду паміж рэвалюцыяй і пачаткам Другой сусьветнай вайны. Тое, што сюды прыехалі вучыцца сотні студэнтаў і што тут на два дзесяцігодзьдзі знайшла прыстанішча Рада БНР, было ягонай заслугай.

У 2017 годзе ўнучкі Аляксандра Калошы паведамілі мне, што ў магіле іхнага дзеда Аляксандра ляжыць таксама і прадзед — Мікола Вяршынін са сваёй жонкай Атыліяй, якая шмат памагала беларускім студэнтам і якую яны называлі «наша мама». Праз асьцярогу імя Вяршыніна пры камуністычным рэжыме на яго магіле не пазначалі. Але дырэкцыя Альшанскіх могілак у Празе на наш запыт пацьвердзіла, што ён сапраўды пахаваны разам з Калошамі. Лічу, што магіла Вяршыніных і Калошаў — адна з найбольш знакавых для беларускай эміграцыі ў Чэхаславаччыне. Вельмі выразны радок знойдзем у нэкралёгу Вяршыніна з тагачаснага друку: «Зямелька братняя, будзь лёгкай!»

Да стагодзьдзя БНР на магіле Мікалая Вяршыніна адкрылі мэмарыяльную дошку. На здымку: старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, Сяргей Кнырэвіч і праўнучкі Мікалая Вяршыніна Міхаэла Свобадава і Рамана Сітава.
Да стагодзьдзя БНР на магіле Мікалая Вяршыніна адкрылі мэмарыяльную дошку. На здымку: старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, Сяргей Кнырэвіч і праўнучкі Мікалая Вяршыніна Міхаэла Свобадава і Рамана Сітава.

Як беларусы дасягалі прызнаньня і посьпеху ў Чэхіі і Славаччыне

Тут можна расказаць шмат жыцьцёвых гісторый. Найперш яны дабіваліся ўсяго сваёй працавітасьцю, талентам, трывушчым характарам, упартасьцю і цягавітасьцю.

Так, як вынікае з матэрыялаў кнігі, многія беларускія студэнты вучыліся тут на доктара 8–10 гадоў і нават больш, і ўсё таму, што мусілі спалучаць вучобу з працай. Напрыклад, Ян Якубоўскі, які вучыўся на мэдычным факультэце ў Братыславе і ня меў грошай на жытло, у цёплую палову году начаваў у Батанічным садзе, падзарабляў на будоўлях, каб вучыцца далей і аплаціць пакой хаця б зімой. Або Людміла Краскоўская. Яна стала першай жанчынай, якая атрымала ў Чэхаславаччыне званьне кандыдата гістарычных навук. Зь яе імем фактычна зьвязана закладаньне сучаснай археалёгіі ў Славаччыне.

Хто з нашчадкаў беларусаў стаў вядомы ў Чэхіі

Напрыклад, сын доктара Івана Дылеўскага (паходзіў зь Вялікай Ліпы Нясьвіскага павету) Іван Дылеўскі-малодшы — вядомы чэскі анатам, дэкан факультэту біямэдычнай інжынэрыі Чэскага політэхнічнага ўнівэрсытэту і ганаровы старшыня Інстытуту анатоміі Другога мэдычнага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту.

Або сын доктара і слуцкага паўстанца Івана Лямбовіча (паходзіў зь мястэчка Івянца) Ігар Лямбовіч — вядомы славацкі і чэскі сцэнарыст і рэжысэр.

Або ўнук вайсковага тапографа Антона Шкялёнка (паходзіў зь Дзісенскага павету) Ўладзімер Новатны — гісторык літаратуры, крытык, рэдактар, публіцыст, перакладчык, унівэрсытэцкі выкладчык.

Або прыёмны сын Аляксандра Жыховіча (паходзіў з Бабруйску) Здэнек Нэханіцкі — былы вайсковы лётчык, аўтар каля 10 кніг аб нумізматыцы Чэхіі, Эўропы і Расейскай імпэрыі. Пан Здэнек добра памятае вядомага беларускага дзеяча Васіля Русака, які быў найлепшым сябрам ягонага бацькі і часта бываў у іх хаце.

Якія сямейныя гісторыі давялося пачуць

Крыху шкада, што фармат кнігі не дазволіў уключыць у яе цікавыя, часам гумарыстычныя гісторыі, якія давялося пачуць. Так, падчас сустрэчы з нашчадкамі Івана Капецкага ягоная нявестка расказала пра такі выпадак.

Іван Капецкі нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і на Лепельшчыне, ён быў адным са старэйшых. Калі ягоная маці мелася чарговы раз нарадзіць, ён схаваўся пад стол з абрусам, каб даведацца, адкуль жа бяруцца дзеці. А як маці пачала стагнаць ад болю, малы ня вытрымаў, выскачыў са свайго схову і закрычаў: «Мама, мама!». Жанчыны, якія былі вакол парадзіхі, вядома, пагналі яго з хаты. Магчыма, і гэты выпадак неяк паўплываў на тое, што Капецкі стаў потым доктарам. Ён скончыў мэдычны факультэт у Празе і стаў вэтэрынарам. Яшчэ студэнтам Іван Капецкі браў у заплечнік спэцыяльны інструмэнт і пешкі абыходзіў блізкія да Прагі вёскі, дзе дапамагаў сялянам як фэльчар, набываў практыку і зарабляў грошы на жыцьцё.

Якія дакумэнты кнігі асабліва цікавыя

Калі я працаваў у Цэнтральным вайсковым архіве Чэскай Рэспублікі, сярод іншых замовіў усе даступныя матэрыялы ў справе Паўла Вэнта, генэрала БНР. Нацягваю пальчаткі, разьвязваю папку — і на адным з дакумэнтаў бачу ініцыялы T. G. M. Гэта ўласнаручны подпіс першага прэзыдэнта Чэхаславаччыны Томаша Гарыга Масарыка: у 1921 годзе ён даў згоду на прыняцьце Паўла Вэнта ў чэхаславацкую армію.

Або нядаўні выпадак. З намі зьвязаўся сьпявак і журналіст Данчык. Па асабістых справах ён паехаў з Прагі на радзіму, у Нью-Ёрк, а там па прылёце яго паслалі ў строгі карантын на 14 дзён. І ён, седзячы дома пад замком, вырашыў скарыстаць гэты час, каб разабраць вялікі архіў сваёй памерлай маці Юліі Андрусышынай. І там знайшоў запрашэньне на канцэрт Міхала Забэйды-Суміцкага, які меўся адбыцца ў Празе 13 сьнежня 1941 году! Запрашэньне цікавае яшчэ тым, што падаé ўсе кантакты арганізатара канцэрту — тагачаснага Беларускага камітэту самапомачы ў Празе, з адрасам, з тэлефонам. Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што Прага і Чэхаславаччына — знакавыя пункты беларускай дыяспары, ніткі адкуль цягнуцца па ўсім сьвеце.

Запрашэньне на праскі канцэрт Міхала Забэйды-Суміцкага з архіву Юліі Андрусышынай.
Запрашэньне на праскі канцэрт Міхала Забэйды-Суміцкага з архіву Юліі Андрусышынай.

Каму адрасавана выданьне

Паводле пачатковай задумы, гэта даведнік для беларусаў і пэўнага кола зацікаўленых чэхаў — нашчадкаў беларусаў. Ён можа зацікавіць дасьледчыкаў і проста турыстаў, якія захочуць нешта даведацца пра беларускую Чэхію. Дзякуючы працы нашай творчай каманды — рэдактаркі Алены Ціхановіч, графіка Тацяны Быц, чэскай перакладчыцы Сьвятланы Ўранавай — атрымаўся ўсё ж ня проста даведнік пра месцы пахаваньняў ці самі магілы, але цікавы ілюстраваны альбом пра імёны, лёсы, эпоху. Усяго ў кнізе, акрамя біяграфій, прадстаўленыя 123 гістарычныя ці сучасныя фатаграфіі і дакумэнты. Кніга выходзіць на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-чэску.

Магчыма, гэта стане пасылам да падобнай ініцыятывы і для іншых дыяспар. Наколькі мне вядома, пакуль такога даведніка ў іншых краінах не выпускалі.

Дзе будзе можна кнігу купіць ці атрымаць

Кнігу мы мяркуем паслаць у асноўныя найбуйнейшыя беларускія і чэскія бібліятэкі. Калі дазволіць эпідэмічная сытуацыя, налета будзе прэзэнтацыя ў Празе, дзе можна будзе кнігу атрымаць. Можна будзе таксама зьвярнуцца ў беларускую асьветніцкую суполку «Скарына», якая выступіла каардынатарам рэалізацыі праекту (skaryna@email.cz). Трэба дадаць, што праект змог быў ажыцьцёўлены таксама дзякуючы падтрымцы чэскага ўраду і амэрыканскай культурніцкай фундацыі Орса-Рамана.

Што азначае QR-код на задняй старонцы вокладкі

Азначае, што гэта выданьне мультымэдыйнае. Дадатак да яго — актуалізаваная мапа на сэрвэры Google maps.

Прыклаўшы свой мабільны тэлефон ці пляншэт да гэтага коду, чытач можа знайсьці як дакладную лякалізацыю магіл на тэрыторыі Чэхіі і Славаччыны, так і кароткія біяграфіі пахаваных там найбольш знакавых фігур беларускай эміграцыі. Мапа на Google maps будзе актуалізавацца і пасьля выхаду кнігі, тым больш што пошукі магілаў беларусаў будуць працягвацца.

Ці працягнуцца таксама пошукі магілы Францішка Скарыны і яго нашчадкаў

Ня так даўно мне ўдалося знайсьці ў чэскіх архівах новыя дакумэнты пра лёс нашчадкаў Скарыны. Гэта дакумэнты з архіву гораду Індржыхаў Градэц пра Сымона Скарыну. Дакумэнтальна зафіксавана, што ён, як і яго бацька, працаваў садоўнікам-батанікам. Лягічна меркаваць, што ў пажылым веку першадрукар дапамагаў і рáдзіў сыну і яго жыцьцёвая дарога магла скончыцца недзе ў месцах жыцьця ягонага нашчадка. Дзе пахаваны Скарына, калі ён памёр — шанцы даведацца гэта, нягледзячы на такі пласт часу, думаю, яшчэ ня страчаныя. Мяне як дасьледчыка гэта вельмі цікавіць, пляную займацца гэтай тэмай і далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG