Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неверагодны лёс консула БНР: знайшлі магілу і нашчадкаў


Мікола Вяршынін з жонкай Атыліяй Главачавай і дачкой Вольгай

Консул БНР доўгія гады ляжаў на праскіх могілках безыменна, прыкрыты імёнамі дачкі і зяця. Навейшыя спробы знайсьці магілу Міколы Вяршыніна былі беспасьпяховымі, пакуль не зьявіўся дасьледнік, які шукаў ... некага іншага.

Інжынэр Сяргей Кнырэвіч ужо 20 гадоў жыве з сям’ёй у Чэхіі, працуе ў фірме, што выпускае абсталяваньне для вырабу паперы. І бальшыню вольнага часу праводзіць у чэскіх архівах, шукаючы сьлядоў беларускай гісторыі. Гэта той самы Сяргей Кнырэвіч, якому раней разам з гісторыкам Паўлам Котавым удалося знайсьці дакумэнтальныя сьляды нашчадкаў Францішка Скарыны.

Колішні інжынэр-электронік Менскага заводу вылічальнай тэхнікі, Кнырэвіч у гады перабудовы перамог на выбарах афіцыйнага кандыдата кампартыі і стаў дэпутатам Менскага гарсавету. У канцы дзевяностых сям’я пераехала зь Беларусі. У Чэхіі аселі ў Оламаўцы і адсюль Кнырэвіч амаль штомесяц выпраўляецца ў свае дасьледніцкія вандроўкі.

У Празе, на Альшанскіх могілках ён шукаў магілу Аляксандра Калошы. Дасьледніка зацікавіў яго лёс, бо Калоша стаў адзіным зь беларусаў, каму ўдалося вярнуцца ў Чэхаславаччыну са сталінскага гулагу. Пасьля доўгіх пошукаў магіла Калошы знайшлася, але хацелася знайсьці і нашчадкаў. Кнырэвіч запаліў на магіле сьвечку, паклаў пад яе запіску і чакаў... Яму сапраўды азваліся ўнучкі Аляксандра Калошы. Яны расказалі, што Калоша быў пахаваны ў гроб да Міколы Вяршыніна. Але па парадку пра тое, як злучыліся лёсы гэтых двух беларускіх эмігрантаў у Чэхаславаччыне і чаму яны апынуліся ў адной магіле.

Магіла Калошаў са свечкай і запіскай
Магіла Калошаў са свечкай і запіскай

Мікола Вяршынін зьявіўся ў Празе раней за астатнюю эмігранцкую хвалю, у канцы 1908 году. Працаваў настаўнікам рускай і польскай мовы ў адной з праскіх школ. Перад Першай сусьветнай вайной быў таксама сакратаром і бібліятэкарам ў праскім таварыстве імя Льва Талстога. У 1919-м годзе Рада БНР упаўнаважыла яго быць сваім прадстаўніком у справах ваеннапалонных, пазьней павысіла фактычна да рангу консула ў Празе.

Консульства, або місія ня мела свайго памяшканьня і месьцілася ў кватэры Вяршыніных у доме на Wenzigova 4. На гэтую ж адрэсу былі зарэгістраваныя большасьць беларускіх арганізацый міжваеннага пэрыяду (Беларуская грамада, пазьней Беларуская рада), ад імя якіх Вяршынін вёў сталыя перамовы з чэхаславацкім міністэрствам замежных спраў. Тут жа быў запачаткаваны Беларускі архіў. Вяршынін дабіўся ад чэхаславацкага ўраду выдзяленьня каля сотні стыпэндый для беларускіх студэнтаў.

Дом на Wenzigova 4 ў Празе, які стаў штаб-кватэрай БНР і цэнтрам беларускага жыцьця
Дом на Wenzigova 4 ў Празе, які стаў штаб-кватэрай БНР і цэнтрам беларускага жыцьця

Вяршынін быў жанаты з чэшкай Атыліяй Главачавай (Otýlie Hlaváčová, 1873-1959). У 1911-м годзе ў іх нарадзілся дачка Вольга. Паколькі ў доме было заўсёды поўна беларускіх хлопцаў-студэнтаў, было ёй суджана выбраць беларускага жаніха. У 1942-м Вольга выходзіць замуж за Аляксандра Калошу, які на той час ужо вывучыўся ў Празе на інжынэра. Неўзабаве пасьля вайны сям’я Калошаў перабралася ў вёску Худэнін (Chudenín), дзе вяла гаспадарку.

У 1947-м Аляксандр Калоша атрымаў чэхаславацкае грамадзянства, што аднак пасьля прыходу камуністаў да ўлады ў ЧССР не перашкодзіла выдаць яго саветам. Калоша быў арыштаваны ў 1948-м адначасова з сям’ёй Ларысы і Івана Геніюшаў. Ад Вярхоўнага суду БССР Калоша атрымаў такі ж, як і Геніюшы, прысуд — 25 гадоў лягераў «за ўдзел у беларускіх антысавецкіх арганізацыях». Пакуль ён сядзеў на Калыме, у сям’і здарылася непапраўнае. Жонка Вольга трагічна сышла з жыцьця (1952).

Праз пару год пасьля сьмерці жонкі і сьмерці Сталіна, у 1955-м Калоша выйшаў на волю. Выглядае, ён стаў адзіным беларусам, каму ўдалося вярнуцца ў Чэхаславаччыну пасьля савецкіх лягераў. Перадусім ён спасылаўся на ранейшае чэхаславацкае грамадзянства і на асірацелых дзяцей.

Лідзія Калоша, дачка Вольгі і Аляксандра Калошаў, унучка Вяршыніна ў беларускай вышыванцы. 1950-я гады
Лідзія Калоша, дачка Вольгі і Аляксандра Калошаў, унучка Вяршыніна ў беларускай вышыванцы. 1950-я гады

Аляксандр Калоша пражыў у Чэхаславаччыне да 80 гадоў (1905-1985). Урна зь ягоным прахам была падхаваная ў сямейную магілу, аднак імя Калошавага цесьця Вяршыніна, праўдападобна, з перасьцярогі зьнікла ўжо ў 50-я гады, калі ўвабраліся ў моц камуністы. На абноўленай пліце напісалі імёны маладзейшага пакаленьня, у тым ліку зяця і дачкі: Alexandr Kološa, Olga Kološová. Так апошняе месца спачыну консула БНР, які памёр 6 траўня 1934-га году, страцілася на доўгі час.

Пахаваньне Мікалая Вяршыніна ў Празе. На вянках - чорныя стужкі з подпісамі ад сям'і і бел-чырвона-белыя з тэкстам "Мікалаю Вяршыніну — Змагару за волю і незалежнасьць Беларусі—яго сябры". 9 траўня 1934 г.
Пахаваньне Мікалая Вяршыніна ў Празе. На вянках - чорныя стужкі з подпісамі ад сям'і і бел-чырвона-белыя з тэкстам "Мікалаю Вяршыніну — Змагару за волю і незалежнасьць Беларусі—яго сябры". 9 траўня 1934 г.

Дасьледніку Сяргею Кнырэвічу, які магілу знайшоў, удалося сабраць дзесяткі дакумэнтаў, што датычаць гісторыі гэтай вядомай эмігранцай сям’і. У размове зь ім мы больш падрабязна засяродзімся на асобе Міколы Вяршыніна і на момантах яго біяграфіі, што патрабуюць удакладненьня.

— Спадар Сяргей, аўтары большасьці публікацыяў, у тым ліку электроннай Вікіпэдыі, падаюць, што Вяршынін нарадзіўся ў слаўных Налібаках у 1878-м годзе.

— Гэта не зусім так. Мікалай Вяршынін нарадзіўся ў 1866 годзе ў вёсцы Прамухіна (Прямухино, па іншых зьвестках Каравайцава /Коровайцево) у Цьвярской губэрні. Дзесьці ў пачатку 1880-х гадоў сям’я пераехала на Беларусь. У адным зь лістоў Вяршынін згадвае, што ў яго бацькі быў маёнтак на пінскім Палесьсі. Аднак у нэкралёгу з нагоды сьмерці Вяршыніна (віленская газэта "Беларуская крыніца«, 30.5.1934 г.) аўтар А. Клімовіч, падпісаны б[ылы] пражак, піша: «Ведама толькі, што паходзіў М. Вяршынін зь сёньняшняй Наваградчыны, аб якой так любіў гаварыць». І дадае, што " нябожчык усьцяж мрыяў аб бацькаўшчыне, апісваючы яе (напр. Налібоцкую пушчу) у сваіх нідзе дагэтуль недрукаваных успамінах«. Магчыма, тут страчанае зьвяно ланцуга, якое зьвязвае Цьвер-Палесьсе-Налібакі. Зьвесткі пра маладосьць Вяршыніна скупыя і няпоўныя. Трэба яшчэ шмат папрацаваць у архівах, каб «белыя плямы» яго біяграфіі запоўніць.

Рамана Сітава і Сяргей Кнырэвіч сустрэліся ў праскай кавярні
Рамана Сітава і Сяргей Кнырэвіч сустрэліся ў праскай кавярні

— А адкуль новая вэрсія даты нараджэньня?

— Чэскія дасьледнікі Даніэла Колэнаўска і Міхал Плавэц апублікавалі ў сваёй кнізе «Běloruská emigrace v meziválečném Československu» складзены самім Вяршыніным сьпіс асоб, якія павінны былі выехаць з Прагі на Бэрлінскую канфэрэнцыю 1925-га году. Гэты сьпіс падаваўся ў органы чэхаславацкай паліцыі для выдачы замежных пашпартоў. Вяршынін піша пра сябе. народжаны 12.X.1866 у Цьвяры. У чэскіх архівах мне ўдалося знайсьці і тры іншыя рэгістрацыйныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць дату нараджэньня Вяршыніна — 1866.

Анкета М.Вяршыніна на выдачу замежнага пашпарту для выезду на Бэрлінскую канфэрэнцыю ў 1925 г. Нацыянальны архіў Чэхіі (Národní archiv, Policejní ředitelství Praha II – všeobecná spisovna 1921 – 1930, sign. V 1184/15, kart. 4022.)
Анкета М.Вяршыніна на выдачу замежнага пашпарту для выезду на Бэрлінскую канфэрэнцыю ў 1925 г. Нацыянальны архіў Чэхіі (Národní archiv, Policejní ředitelství Praha II – všeobecná spisovna 1921 – 1930, sign. V 1184/15, kart. 4022.)

— Такім чынам Ваша ўдакладненьне — год нараджэньня 1866 дабаўляе Вяршыніну 12 гадоў жыцьця! Атрымліваецца, што памёр ён не ва ўзросьце 56, але 68 гадоў. Потым пара Вяршыніных становіцца ў большую адпаведнасьць традыцыі, калі параўнаем яго ўзрост з гадамі жыцьця чэскай жонкі Атыліі (1873-1959). Пры ранейшым раскладзе, жонка была б старэйшая за Вяршыніна на 5 гадоў, у вашым варыянце — ён старэйшы за жонку на 7. Цяпер, калі паглядзець з гледжаньня ўзросту, наколькі верагодныя публікаваныя зьвесткі пра тое, што Вяршынін у 20-я гады нібыта вучыўся ў праскім электратэхнічным інстытуце (ČVUT)? Акрамя таго, ён жа быў мовазнаўца?

— У ČVUT вучыўся іншы беларус Мікалай Верамей. Ні ў водным са знойдзеных чэскіх архіўных дакумэнтаў Вяршынін не зьвязваецца з гэтым прозьвішчам. Аднак у беларускіх публікацыях яму прыпісваецца прозьвішча Верамей як нібыта яго сапраўднае, з дому. Я схільны лічыць, што Вяршынін ня быў Верамеем. Той студэнт Мікалай Верамей нарадзіўся ў 1898 годзе, пасьля вучобы ў Празе вярнуўся ў СССР, дзе ў 1937-м быў расстраляны.

— Практычна ўсе беларускія студэнты праходзілі праз рукі Вяршыніна. Ён ня толькі складаў і падаваў сьпісы на выдачу віз, быў «паручальнікам» землякоў, але дабіўся для многіх зь іх выдзяленьня стыпэндый. Прычым, калі ўрад чакаў ад яго выключна мужчынскіх кандыдатаў, ён прапанаваў і некалькі дзяўчат. Каго з найбольш адметных асоб з гэтай студэнцкай хвалі можам згадаць?

— Згадаю толькі некалькі імёнаў студэнтаў, якія потым стануць віднымі дзеячамі БНР. У Празе і Падзебрадах вучыліся або працягвалі адукацыю Мікола Абрамчык, прэзыдэнт БНР з 1947 па 1970 год, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, старшыня Рады БНР (1971-1982), Лявон Рыдлеўскі, віцэ-прэзыдэнт Рады БНР (1947-1953). Без прысутнасьці і сувязяў Вяршыніна ў Прагу не пераехалі б і прэзыдэнты Пётр Крачэўскі з Васілём Захаркам.

— Што вядома пра кантакты Вяршыніна з тагачаснымі чэскімі палітыкамі?

— Многія кантакты ён навязаў праз сваю чэскую жонку Атылію. Яна была блізкай сяброўкай Рэнаты Тыршавай, жонкі Міраслава Тырша, заснавальніка чэскага Сокала, спартова-патрыятычнага руху. Менавіта праз жонку яшчэ да пачатку Першай сусьветнай вайны Вяршынін пазнаёміўся з многімі выбітнымі чэскімі інтэлектуаламі, у тым ліку з прафэсарам Томашам Масарыкам, будучым прэзыдэнтам Чэхаславаччыны. Верагодна, зблізіліся яны на базе сваёй прыхільнасьці да Льва Талстога.

— Ваша дасьледніцкае меркаваньне: ці ўспрымалі тагачасныя чэхаславацкія ўлады Вяршыніна менавіта як дыплямата БНР?

— Мы перажылі зьмену гістарычных канцэпцый — ад той, што Чэхаславакі прызналі БНР аднымі зь першых, да той, што насамрэч не прызналі, толькі паабяцалі падтрымку. Хачу спаслацца на меркаваньні як чэскага, так і беларускага дасьледнікаў. Так Даніэла Колэнаўска піша: " Чэхаславацкі ўрад прынамсі часткова памагаў беларускай эміграцыі, але Рада БНР дэ юрэ не магла праводзіць палітычную дзейнасьць, бо дзейнасьць усіх беларускіх арганізацый у Празе падпадала пад закон аб аб’яднаньнях (spolkový zákon).

Беларуская рада ў Празе (маецца на ўвазе арганізацыя, якая ўзьнікла ў 1924 г. замест Беларускай грамады -рэд.) па сутнасьці забясьпечвала арганізацыйную службу для Рады БНР і, хаця гэта закону не адпавядала, чэхаславацкія ўлады такую практыку талеравалі і на палітычную актыўнасьць Рады БНР заплюшчвалі вочы«. Паводле беларускага гісторыка Андрэя Бучы, «найбольш адэкватны варыянт, які падыходзіць да азначэньня пасады М.Вяршыніна ў кантэксьце прававога поля ЧСР, будзе — неафіцыйны прадстаўнік ураду БНР у ЧСР». Але падсумоўваючы зьмест і вынікі дзейнасьці Вяршыніна за 1920-1924 гады, гісторык А. Буча выказвае ўпэўненасьць, што " большасьць функцый дыпляматычнага прадстаўніцтва «Беларускім консульствам» у Празе былі споўненыя".

— І ўрэшце: які быў адказ на вашу запіску, што вы пакінулі на Альшанскіх могілках?

— На запіску адгукнуліся праўнучкі Мікала Вяршыніна (унучкі Аляксандра Калошы) Рамана Сітава і Міхаэла Свобадава. Мы зь імі доўга перапісваліся і сустракаліся, я запісаў іх успаміны. Жанчыны згадалі, што яны езьдзілі на Беларусь, у родныя мясьціны дзеда Аляксадра Калошы — вёску Заямнае каля Стоўпцаў. Многія дэталі з жыцьця іх сям’і яны самі даведаліся ўпершыню. У выніку ўнучкі-праўнучкі вырашылі вярнуць імя прадзеда на яго магілу. Спадзяюся, імя консула БНР Міколы Вяршыніна вернецца неўзабаве, ужо гэтай вясной. Верагодна якраз да 25 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG