Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сеціве зьявілася відэа, як сілавікі ва ўпор стралялі ў пратэстоўцаў 10 жніўня ў Берасьці


Падчас акцыі пратэсту ў Берасьці 9 жніўня.

22 сьнежня ў тэлеграм-канале «Баста» зьявілася раней не публікаванае відэа з пратэстаў у Беларусі. Паводле чытача каналу, які даслаў відэа, яно зьнятае 10 жніўня 2020 году падчас разгону акцыі пратэсту ў Берасьці.

На відэа відаць кардон сілавікоў і пратэстоўцаў. У нейкі момант сілавікі пачынаюць ва ўпор страляць па пратэстоўцах, хоць тыя не праяўлялі відавочнай агрэсіі і не нападалі на сілавікоў.

Увечары 10 жніўня жыхары Берасьця сабраліся ў цэнтры гораду ў знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. СМІ паведамлялі пра жорсткія сутычкі людзей з АМАПам. Як пісала мясцовае выданьне «Бинокль», 10 жніўня ў Берасьці сілавікі сапраўды шмат стралялі ў людзей. Хірург зь Берасьцейскай гарадзкой бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі расказаў выданьню, што за суткі ў бальніцу па дапамогу зьвярнулася каля 100 чалавек, 29 зь іх былі шпіталізаваныя, 12 чалавек паступілі ў першае хірургічнае аддзяленьне, большасьць зь іх — з агнястрэльнымі раненьнямі.

На наступны дзень, 11 жніўня, падчас пратэстаў у Берасьці быў паранены ў галаву 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў. Ён памёр 19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску.

Пасьля акцыі пратэсту 10 жніўня ў Берасьці завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»). Паводле праваабаронцаў «Вясны», фігурантамі крымінальных спраў за 10 жніўня ўжо сталі больш за 30 чалавек.

Дасюль не заведзена ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў за гвалт над пратэстоўцамі.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG