Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей прыгразіў Эўразьвязу «вельмі адчувальнымі і сур’ёзнымі» адказамі на санкцыі


Уладзімер Макей. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прыгразіў эўрапейскім краінам перагледзець шэраг праграм Эўразьвязу, якія дзейнічаюць у Беларусі пры амбасадах.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі зноў назваў санкцыі «недружалюбнымі захадамі, якія робяць нашы партнэры ў адносінах да Беларусі».

Чым Макей пагражае палітыкам з ЭЗ

Таксама Ўладзімер Макей заявіў, што цяпер шэраг дадатковых пэрсонаў з краін Эўразьвязу ня зможа трапіць на тэрыторыі Беларусі і Расеі, бо ў Менску аднолькавыя санкцыйныя сьпісы з афіцыйнай Масквой.

«Мы зробім шэраг дзеяньняў юрыдычнага характару ў адказ на абсалютна неабгрунтаванае ўключэньне шэрагу прадпрыемстваў і пэрсаналіяў у сьпіс ЭЗ», — заявіў Макей.

Паводле Макея, афіцыйны Менск ужо вырашыў абмежаваць дзейнасьць шэрагу палітычных фондаў у краіне, а таксама перагледзець рэалізацыю шэрагу гуманітарных, адукацыйных, культурных праграмаў, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі. Пад абмежаваньні падпадуць і тыя праграмы, якія дзейнічаюць пад эгідай пасольстваў.

Макей згадаў яшчэ тры напрамкі захадаў улады ў адказ на санкцыі, але ня стаў агучваць падрабязнасьці, заявіўшы толькі, што яны «будуць сапраўды вельмі адчувальнымі і сур’ёзнымі».

Нагадаем хроніку сёлетніх санкцыйных рашэньняў Эўразьвязу што да Беларусі.

  • 2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
  • 6 лістапада сьпіс быў пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.
  • 19 лістапада міністры замежных спраў ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць уладаў Беларусі.
  • 19 лістапада кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Лукашэнка больш не атрымае ад Эўразьвязу ніводнага эўра.
  • Таксама 19 лістапада стала вядома, што Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА.
  • Пазьней да санкцыяў ЭЗ далучыліся яшчэ 8 краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз: Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя і Швайцарыя.
  • 18 сьнежня пра далучэньне да трэцяга пакету санкцый Эўразьвязу заявіла Вялікая Брытанія

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG