Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заявіў, што Лукашэнка пайшоў насустрач папу Рымскаму ў справе вяртаньня ў Беларусь мітрапаліта Кандрусевіча


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пытаньне зь вяртаньнем у Беларусь кіраўніка каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча будзе вырашана, заявіў журналістам кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.


Уладзімер Макей, якога цытуе Tut.by, адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка з павагай ставіцца да папы Францішка і захапляецца яго дзейнасьцю. Папа Рымскі Францішак — душэўны чалавек, які зь любоўю і трымценьнем ставіцца да Беларусі, ён перажывае за нашу краіну, заўсёды клапоцячыся пра яе дабрабыт, сказаў Макей.

— Зыходзячы з таго, што апошнім часам у сілу розных прычын зьявіліся нейкія пэўныя праблемныя моманты ў нашых адносінах, папа Рымскі Францыск палічыў магчымым прызначыць свайго пасланца — нунцыя ў Вялікай Брытаніі Кляўдыё Гуджэроцьці з адпаведным лістом, адрасаваным кіраўніку беларускай дзяржавы.

У ім выкладалася адпаведная просьба, зьвязаная зь вядомай пэрсонай арцыбіскупа Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

Зыходзячы менавіта з пачуцьця глыбокай павагі да папы Рымскага і асабістых добрых адносін, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсьці насустрач яго просьбе і даць адпаведнае даручэньне знайсьці рашэньне з улікам усіх наяўных прававых мэханізмаў, — заявіў Макей.

Апрача таго, кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі зноў назваў санкцыі «недружалюбнымі мерамі, якія робяць нашы партнэры ў адносінах да Беларусі».

Чым Макей пагражае палітыкам з ЭЗ

Таксама Ўладзімер Макей заявіў, што цяпер шэраг дадатковых пэрсонаў з краін Эўразьвязу ня зможа трапіць на тэрыторыі Беларусі і Расеі, паколькі ў Менску аднолькавыя санкцыйныя сьпісы з афіцыйнай Масквой.

«Мы зробім шэраг дзеяньняў юрыдычнага характару ў адказ на абсалютна неабгрунтаванае ўключэньне шэрагу прадпрыемстваў і пэрсаналіяў у сьпіс ЭЗ», — заявіў Макей.

Паводле Макея, афіцыйны Менск ужо вырашыў абмежаваць дзейнасьць шэрагу палітычных фондаў у краіне, а таксама перагледзець рэалізацыю шэрагу гуманітарных, адукацыйных, культурных праграмаў, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі. Пад абмежаваньні падпадуць і тыя праграмы, якія дзейнічаюць пад эгідай пасольстваў.

Макей згадаў яшчэ тры напрамкі захадаў улады ў адказ на санкцыі, але ня стаў агучваць падрабязнасьці, заявіўшы толькі, што яны «будуць сапраўды вельмі адчувальнымі і сур’ёзнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG