Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адрэстаўравалі найстарэйшую мячэць у краіне. Яна за 6 км ад мяжы зь Беларусьсю

Найстарэйшая мячэць на тэрыторыі Польшчы ў вёсцы Крушыняны. Фота kruszyniany.com.pl.
Найстарэйшая мячэць на тэрыторыі Польшчы ў вёсцы Крушыняны. Фота kruszyniany.com.pl.

Завяршыўся рамонт найстарэйшай мячэці Польшчы, якая месьціцца ў Крушынянах, за некалькіх кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю. Яна пабудаваная не пазьней за XVIII стагодзьдзе.

Будынак — прыклад ісламскага рэлігійнага дойлідзтва, якое захавалася да нашага часу, піша «Польскае радыё». У ім зрабілі рамонт інтэрʼеру. Узмацнілі перамычку вокнаў у перагародцы паміж асобнымі малітоўнымі залямі для жанчынаў і мужчынаў, канструкцыю гаўбца, ачысьцілі драўляныя слупы, якія яго падтрымліваюць, а таксама драўляную лесьвіцу.

Гэта найстарэйшая мячэць Польшчы. Пры гэтым мусульманскія рэлігійныя пабудовы ў Крушынянах, а таксама ў блізкіх Багоніках маюць больш архітэктурнага падабенства з драўлянымі хрысьціянскімі цэрквамі і касьцёламі, а не з арабскім стылем.

Старшыня мусульманскай рэлігійнай грамады ў Крушынянах Браніслаў Талькоўскі заявіў, што дасюль ня вызначана дакладная дата стварэньня мячэці, але ёсьць дакумэнты, якія сьведчаць аб яго існаваньні ў XVIII стагодзьдзі, а ў 1846 годзе быў капітальны рамонт мячэці.

З словаў Браніслава Талькоўскага, перш сьцены крушынянскай мячэці былі пабудаваныя толькі зь бярвеньня.

Мячэць і мізар (мусульманскія могілкі) у Крушынянах уваходзяць у сьпіс помнікаў гісторыі Польшчы.

XS
SM
MD
LG