Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэатар ваенных дзеяньняў праглядаецца няўзброеным вокам». Экс-рэдактар «Прессбола» пра кадравыя жарсьці ў выданьні


Уладзімер Беражкоў

Адзін з заснавальнікаў і былы галоўны рэдактар спартовай газэты «Прессбол» Уладзімер Беражкоў адрэагаваў на прызначэньне новага кіраўніцтва і сыход з выданьня вядучых журналістаў Сяргея Мардасевіча і Ўладзімера Пірага.

Тэатар ваенных дзеяньняў вакол «Прессбола» праглядаецца няўзброеным вокам, адзначыў Уладзімер Беражкоў.

«Занадта ўсё відавочна, сякерна. Я добра разумею ня толькі тых выдатных хлопцаў, якія сыходзяць, але і закладнікаў, што застаюцца. І справа не ў заснавальніках, бо адзінай прычынай, па якой газэта яшчэ зьяўляецца ў шапіках і паштовых скрынях, зьяўляецца мажарытарны заклад. Каб не адказнасьць АБФФ, „Прессбол“ напаткаў бы лёс „Камсамолкі“, „Народнай волі“ і г. д. Але адна справа — свабода СМІ, і зусім іншае — асабістая свабода, прычым ня толькі свая, а і блізкіх людзей, калег, паплечнікаў. Тут ужо размова не пра цела, у першую чаргу пра душу», — напісаў ён пад допісам Уладзімера Пірага пра звальненьне з газэты.

Да якой ступені абвострыцца крызіс у калектыве, колішні галоўны рэдактар прагназаваць не бярэцца.

«Шчыра прызнаюся, той выпадак, калі сам задаволены, што не зьяўляюся ўдзельнікам гэтага таксыкозу, ніяк на яго не ўплываю. Я цяпер асоба староньняя. Але іншых спрабую зразумець. Валодзя, Сяргей, вы маеце рацыю! У добры шлях! Толькі не асуджайце таго, хто застаўся», — падсумаваў Уладзімер Беражкоў.

«Прессбол» днямі атрымаў трэцяга галоўнага рэдактара за паўгода. У жніўні газэту пакінуў Сяргей Кайко. Крэсла галоўнага рэдактара заняў Дзьмітры Герчыкаў, які вярнуўся з пасады ў Беларускай фэдэрацыі футболу (АБФФ). Аднак праз чатыры месяцы і яго вымусілі напісаць заяву аб звальненьні. На вакантнае месца прыйшоў супрацоўнік тэлеканалу АНТ Сяргей Лісічкін.

Супрацоўнікі сьцьвярджаюць, што кадравая палітыка цяпер фармуецца ў Беларускай фэдэрацыі футболу. Ад 2013 году арганізацыя ўваходзіць у склад заснавальнікаў газэты, хоць паводле статуту ня мае права ўмешвацца ў рэдакцыйную і кадравую палітыку.

Тым ня меней, звонку была «праціснутая» кандыдатура чалавека, які ніколі ня меў дачыненьня да газэтнай справы. Пасьля сустрэчы з калектывам Лісічкін прызнаў уласную некампэтэнтнасьць і адмовіўся займаць пасаду. Аднак неўзабаве зьмяніў рашэньне. Пасьля пацьвердзіў, што на яго таксама быў ціск з боку кіраўніцтва АБФФ.

Цяпер калектыў мае намер зьвярнуцца ў структуры УЭФА і ФІФА з просьбай даць ацэнку дзеяньням АБФФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG