Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прессбол» зьвернецца ва УЭФА і ФІФА з просьбай ацаніць дзеяньні Беларускай фэдэрацыі футболу ў прызначэньні рэдактараў


Сяргей Лісічкін (у цэнтры) падчас прэзэнтацыі кнігі пра футбаліста Аляксандра Пракапенку

Самая папулярная спартовая газэта Беларусі «Прессбол» днямі атрымала ўжо трэцяга галоўнага рэдактара за паўгода.

Новы кіраўнік прызначаны насуперак уласнаму жаданьню і волі калектыву. Газэта, якой празь месяц споўніцца 30 гадоў, фактычна знаходзіцца на мяжы зьнікненьня.

Дзейныя супрацоўнікі расказалі, якая сытуацыя цяпер у выданьні.

У жніўні, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, газэту пакінуў Сяргей Кайко. Крэсла галоўнага рэдактара заняў Дзьмітры Герчыкаў, які вярнуўся з пасады ў Беларускай фэдэрацыі футболу (АБФФ). Аднак і ён даволі хутка трапіў у няміласьць — праз чатыры месяцы яго вымусілі напісаць заяву аб звальненьні.

На вакантнае месца пры дзіўных абставінах трапіў супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Сяргей Лісічкін.

І Кайко, і Герчыкаў пакінулі выданьне пад ціскам з боку АБФФ, сьцьвярджаюць у рэдакцыі. Ад 2013 году фэдэрацыя ўваходзіць у склад заснавальнікаў «Прессбола», аднак паводле статуту арганізацыі ня мае права ўмешвацца ў рэдакцыйную і кадравую палітыку. Да падзеяў лета-2020 гэтыя ўмовы выконваліся. Пасьля сыходу Герчыкава калектыў ня змог прызначыць галоўным рэдактарам свайго журналіста, хоць прапаноўваўся дзясятак прэтэндэнтаў.

Звонку ж была праціснутая кандыдатура чалавека, які ніколі ня меў дачыненьня да «Прессбола» і нават не знаёмы з большасьцю яго аўтараў. Пасьля сустрэчы з калектывам Лісічкін прызнаў уласную некампэтэнтнасьць і наадрэз адмовіўся займаць пасаду галоўнага рэдактара, аднак пасьля зьмяніў рашэньне. Пацьвердзіў, што на яго таксама быў ціск з боку кіраўніцтва АБФФ.

У сытуацыі, якая склалася, «Прессбол» пакінулі вядучыя карэспандэнты — як Сяргей Мардасевіч і Ўладзімер Пірог. Тычыцца гэта ў тым ліку і кіраўнікоў: у штатным раскладзе застаўся толькі адзін намесьнік галоўнага рэдактара з чатырох. Некаторым журналістам негалосна забаронена зьяўляцца на старонках выданьня.

Цяпер рэдакцыя мае намер зьвярнуцца ў структуры УЭФА і ФІФА з просьбай даць ацэнку дзеяньням АБФФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG