Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знойдуцца тыя, хто асудзіць». Гісторыя магілёўца, які зьехаў за мяжу пасьля 41 дня арышту


Аляксандар Царук, архіўнае фота
Аляксандар Царук, архіўнае фота

Магілёвец Аляксандар Царук за чатыры месяцы пратэстаў прабыў пад адміністрацыйным арыштам 41 дзень і страціў працу. Яго затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы і вярнулі даседжваць «суткі». Актывіст расказаў Свабодзе, як зьмянілася яго жыцьцё за гэты час.


9 сьнежня ён спрабаваў выехаць у Літву, але яго затрымалі беларускія памежнікі і перадалі ашмянскай міліцыі.

Пасьля тыдня ў тамтэйшым ізалятары яму ўсё ж удалося выехаць за мяжу.

Аляксандар Царук у Літве са сьцягам, які прывёз зь Беларусі
Аляксандар Царук у Літве са сьцягам, які прывёз зь Беларусі

Пра Аляксандра Царука сьцісла

  • 52 гады. Родам зь Пінску, з 1996 году жыве ў Магілёве. Мае дзьвюх дарослых дачок.
  • Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з 2012 году.
  • Кваліфікаваны сьлесар-сантэхнік.
  • У акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў удзельнічаў з 9 жніўня.

«Абяцаю вярнуцца...»

Аляксандар Царук кажа, што ад’езд зь Беларусі ня быў спантанным. Ён раіўся зь сям’ёй ды аднадумцамі, якія пагадзіліся зь ягоным рашэньнем. Яму сабралі грошы на паездку і на першы час жыцьця за мяжою.
У дарогу актывіст узяў самае неабходнае. Прыхапіў бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім хадзіў на пратэсты, і партыйны білет. Да пункту памежнага кантролю дабіраўся аўтаспынам. Там яго і затрымалі для высьвятленьня асобы.

Спачатку ў памежнікаў былі прэтэнзіі да пашпарту, а праз тры гадзіны прыехалі міліцыянты з Ашмянаў і забралі яго. Дарогай патлумачылі, што выконваюць просьбу магілёўскіх калегаў. У ізалятары Ашмянаў Аляксандар прабыў сем не даседжаных у Магілёве дзён. Пра неадбыты адміністрацыйны арышт ён ведаў, але спадзяваўся «праскочыць» на мяжы.

Аляксандар Царук (крайні зьлева) на адной з акцыяў пратэсту ў Магілёве
Аляксандар Царук (крайні зьлева) на адной з акцыяў пратэсту ў Магілёве

Па вызваленьні безь перашкодаў трапіў у Літву. Цяпер актывіст на самаізаляцыі ў адным з гатэляў Вільні. Ужо здаў тэст на каранавірус; калі ён будзе адмоўным, то Аляксандар атрымае дазвол на кароткачасовае знаходжаньне ў горадзе. Пакуль жа яму забаронена пакідаць гатэль.

«Я не назаўсёды зьехаў і абяцаю вярнуцца, — кажа Аляксандар Царук. — Не хачу заставацца на чужыне. У Беларусі мая сям’я, тыя людзі, зь якімі пазнаёміўся і зрадніўся за час пратэстаў. Калі зьменіцца сытуацыя ў Беларусі ці сыдзе Лукашэнка, то прыеду».

Перасьлед і адсутнасьць працы змусілі зьехаць

Аляксандар Царук у няволі прабыў 41 дзень. Ён кажа, што заставацца на радзіме яму не выпадала. З падзеньнем у Магілёве пратэставай актыўнасьці ўзмацніўся перасьлед тых, хто ўдзельнічаў у акцыях. Яго безупынна выклікалі ў міліцыю на гутаркі, а адтуль адпраўлялі ў ізалятар.

Супрацьстаяньне пратэстоўцаў зь міліцыяй. Верасень 2020 год
Супрацьстаяньне пратэстоўцаў зь міліцыяй. Верасень 2020 год

Праз удзел у пратэстах Аляксандар Царук згубіў працу. Рабіў ён сантэхнікам у адной з будаўнічых арганізацыяў гораду на падставе дамовы-падраду. Пасьля ліста начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Ленінскага аддзелу ўнутраных справаў Пушына наймальнік папярэдзіў, што зь ім афіцыйна працоўных адносінаў мець ня будзе, і прапанаваў працаваць пад чужым імем. Аляксандар з гэтым не пагадзіўся, але застаўся бяз сродкаў для пражыцьця.

«Наймальнік хацеў, каб я працаваў, але ён выконваў дзяржаўныя падрады і празь мяне не хацеў рызыкаваць», — тлумачыць сытуацыю актывіст.

«Знойдуцца тыя, хто асудзіць...»

У бліжэйшых плянах актывіста знайсьці ў Літве працу. Але ён адзначае, што не прыехаў туды на заробкі, а будзе дапамагаць аднадумцам і радзіме дзеля найхутчэйшага надыходу пераменаў.

Аляксандар Царук кажа, што сапраўдныя героі засталіся ў Беларусі. Яны рэгулярна выходзяць на традыцыйныя нядзельныя «шпацыры», каб засьведчыць, што пратэставы рух жыве.

Да ад’езду ў Літву і ён у Магілёве выбіраўся на пешаходную вуліцу. Многіх мінакоў раней бачыў у калёнах пратэстоўцаў, і калі спатыкаў іх на прагулянцы, «рабілася цяплей».

«Вядома ж, — адзначае суразмоўца, — знойдуцца тыя, хто асудзіць мяне за ўцёкі, маўляў, паехаў па лепшае жыцьцё, але для мяне галоўным застаецца думка тых людзей, зь якімі я выходзіў пратэставаць».

Актывіст прызнаецца: яму «невыносна цяжка» ведаць, што цяпер у Магілёве застаюцца ў няволі некалькі пратэстоўцаў на падставе крымінальных абвінавачаньняў.

«Тое, што адбылося зь беларусамі, — цуд»

Першы раз Аляксандра Царука схапілі 10 жніўня. Ён кажа, што ў той дзень быў у цэнтры гораду і трапіў у міліцэйскую аблаву. Тады міліцыянты ў рыштунку цягнулі ў аўтазакі ўсіх, хто пападаўся пад руку. Каб уратавацца, ён далучыўся да экскурсіі Таварыства беларускай мовы, але і экскурсійная група апынулася ў Ленінскім РАУС Магілёва. Зь ягоных словаў, там яго ня білі, але на затрыманых чынілі псыхалягічны ціск. Жанчыны і дзяўчаты не вытрымлівалі і плакалі.

Родныя чакаюць зьняволеных з магілёўскай турмы № 4. Жнівень 2020 году
Родныя чакаюць зьняволеных з магілёўскай турмы № 4. Жнівень 2020 году

У мясцовым ІЧУ месцаў для затрыманых не хапала, для іх вылучылі камэры сьледчага ізалятару, які месьціцца ў суседняй турме № 4. У ім і апынуўся Аляксандар. Кажа, што ў ягонай камэры тады было 18 чалавек.

«Ноч мы перабылі без матрацаў, — згадвае актывіст. — На вокнах былі краты, але без асадаў. У камэры было прахалодна, а многія сядзельцы былі ў шортах. Сядзелі на жалезных ложках. Адзін аднаму давалі цёплую адзежу, каб адагрэцца. Прылегчы не было як. Маладыя хлопцы былі шакаваныя пабачанай турмой».

Другі раз Царук трапіў у ізалятар праз два месяцы. Тады ён заўважыў, што ў стаўленьні ахоўнікаў да «палітычных» зьявіліся прыкметы прыязнасьці. Актывіст цьвердзіць, што ня мае адчуваньня змарнаванасьці праведзенага ў няволі часу, бо там пазнаёміўся «з цудоўнымі людзьмі і пабачыў, як яны падтрымлівалі адзін аднаго».

Ля турмы № 4 і ізалятару часовага ўтрыманьня ў жніўні 2020 году
Ля турмы № 4 і ізалятару часовага ўтрыманьня ў жніўні 2020 году

«Тое, што адбылося зь беларусамі, — цуд, — кажа Аляксандар. — Раней мы цураліся адзін аднаго, а тут аднекуль зьявілася адзінства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG