Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі плянуюць прыняць закон пра «замежных агентаў»


Расейскі досьвед закону пра замежных агентаў. Ці прыдасца ён Беларусі?
Расейскі досьвед закону пра замежных агентаў. Ці прыдасца ён Беларусі?

Палата прадстаўнікоў Беларусі плянуе прыняць закон пра «замежных агентаў». Такі закон ужо дзейнічае ў Расеі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных падзяліўся плянам прыняць падобны закон на пасяджэньні часовай камісіі Савету Фэдэрацыі Расеі па абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту, піша «Российская газета».

Савіных паведаміў, што сувэрэнітэт Беларусі неабходна бараніць ад вонкавага ўмяшаньня. Галоўныя пагрозы ён бачыць у праграмах устойлівага разьвіцьця, гендэрных праектах і праектах ратаваньня клімату. Дэпутат аднёс шэраг такіх праграмаў да «мэханізмаў палітыка-сацыяльнага маніпуляваньня», якія могуць перашкодзіць «канструктыўнаму парадку дня».

Савіных папрасіў расейскіх дэпутатаў падзяліцца матэрыяламі ў гэтай сфэры і назваў патэнцыйны закон аб «замежных агентах» адной з найбліжэйшых задач, якую могуць унесьці на разгляд Палаты прадстаўнікоў.

У адказ на просьбу Савіных кіраўнік камісіі абароны сувэрэнітэту расейскага Савету Фэдэрацыі Андрэй Клімаў заявіў, што гатовы сустрэцца зь беларускімі калегамі і перадаць такі досьвед.

Закон «Аб некамэрцыйных арганізацыях» з паняткам «замежны агент» прынялі ў Расеі ў 2012 годзе. Пад словамі «замежны агент» маюць на ўвазе замежныя некамэрцыйныя арганізацыі, якія:

  • займаюцца «палітычнай дзейнасьцю» на тэрыторыі Расеі. Гэта выпадкі, калі пэўная ўстанова ўдзельнічае, у тым ліку шляхам фінансаваньня, у арганізацыі палітычных акцыяў дзеля ўзьдзеяньня на рашэньні дзяржаўных органаў, а таксама ў фармаваньні грамадзкай думкі;
  • атрымліваюць «грашовыя сродкi i iншую маёмасьць ад замежных дзяржаваў, міжнародных і замежных арганізацыяў, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства».

Палітычнай дзейнасьцю ня лічыцца праца арганізацыяў у галінах навукі, культуры, мастацтва, аховы здароўя, прафіляктыкі здароўя грамадзян, сацыяльнай падтрымкі і абароны мацярынства і дзяцінства, інвалідаў, прапаганды здаровага ладу жыцьця, фізычнай культуры і спорту, абароны жывёльнага і расьліннага сьвету, дабрачынная дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG