Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сіла — гэта мы ўсе». Як кіроўцу таксі затрымалі ў Менску разам з пасажырамі


Валер Бычкоўскі ў дзень затрыманьня

Валер Бычкоўскі працаваў на «Яндекс.Такси» праз кампанію-пасярэдніцу, у якой арандаваў аўтамабіль. 25 кастрычніка, падчас нядзельнага маршу, яго затрымалі разам з траімі пасажырамі і аўтамабілем, прысудзілі «суткі». Цяпер мужчына ў Польшчы. Пра сваю гісторыю барацьбы, затрыманьня і ўцёкаў ён расказаў Свабодзе.

Валер Бычкоўскі мае дзьве адукацыі — сярэднюю спэцыяльную і вышэйшую. Летась ён завочна скончыў гістарычны факультэт БДУ і балятаваўся ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах. Сёлета ўвайшоў у ініцыятыўную групу Вольгі Кавальковай. Пасьля выбараў далучыўся да акцыяў пратэсту, а пасьля іх дапамагаў іншым удзельнікам дабірацца дадому.

Як затрымалі

Валер Бычкоўскі
Валер Бычкоўскі

25 кастрычніка Валер ехаў за калёнай пратэстоўцаў у машыне таксі. На розных участках маршруту да яго селі трое пасажыраў — мужчына сярэдняга ўзросту, маладая дзяўчына і жанчына гадоў 50.

«Да мяне селі тыя, каму ўжо цяжка было ісьці. Мы даехалі амаль да міліцэйскага кардону і вырашылі зьяжджаць, бо пратэстоўцы ўжо пачалі разыходзіца. На Арлоўскай, каля цэнтру «Маці і дзіця», дарогу нам перакрылі два бусы, адтуль выскачылі гэтыя чэрці з аўтаматамі і атачылі маю машыну. Не душыць жа іх... І ў мяне было разуменьне — ну два бусікі я аб’еду, а далей стаіць іхны асноўны кардон, і ўцякаць там няма куды. Мы ціха, мірна выйшлі з машыны. Я быў у камуфляжнай куртцы зь бел-чырвона-белым шаўронам на левым рукаве. Яны, мусіць, мяне і спынілі за шаўрон, бо левая рука відаць праз вакно. І іхны камандзір у рацыю сказаў: «Прысылайце машыну. Чатыры чалавекі. Таксіст з бэчэбэ-шаўронам».

Валер кажа, што дакладна ведае пра лёс толькі аднаго з сваіх пасажыраў — мужчыну вызвалілі пасьля допыту, хаця нібыта пагражалі крымінальнай справай за арганізацыю і каардынацыю акцыяў пратэсту.

«Кантактаў дзяўчыны і жанчыны ў мяне не было, але ў пастарунку я дзяўчыну бачыў. Мусіць, яе таксама пасадзілі на „суткі“, бо я яе потым бачыў на Акрэсьціна. Лёс жанчыны мне невядомы».

Білі ня ўсіх

Валер Бычкоўскі кажа, што яго ня білі — ні пры затрыманьні, ні потым ў аўтазаку, РУУС ці ізалятары. «Нас ня білі і рукі хамуцікамі ня сьцягвалі. У аўтазаку мы чулі, што недзе гранаты выбухаюць. Потым нам закінулі яшчэ аднаго чалавека — маладога перапужанага і пабітага хлопца, яшчэ аднаго мужчыну пад 60 гадоў з залітым сьлезацечным газам тварам. Ад гэтага газу было цяжка дыхаць нават нам. У іх абодвух рукі былі сьцягнутыя плястыкам. І ў пастарунку амаль ва ўсіх былі рукі ў такой сьцяжцы. У РУУС нас паставілі ў калідоры тварам да сьцяны, і да мяне заўсёды падводзілі міліцыянтаў, зьвяртаючы ўвагу на мой шаўрон. Але мяне ня білі».

Сёлета Валер Бычкоўскі быў сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай
Сёлета Валер Бычкоўскі быў сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай

Суразмоўца кажа, што на Акрэсьціна «таксама не было жаху. У першую ноч нас было восем у камэры на 6 чалавек. А ў Баранавічах быў выпадак, калі адзін хлопец выходзіў на волю, то канваір сказаў: «Ну вы, хлопцы, давайце, хутчэй усё вырашайце. Або скідвайце яго, або суцішцеся, бо я хачу Новы год дома адсьвяткаваць».

Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, Павал Севярынец і Валер Бычкоўскі, 2016 год
Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, Павал Севярынец і Валер Бычкоўскі, 2016 год

Суд праз скайп і «суткі» за ўдзел у акцыі і непадпарадкаваньне міліцыі

Суд над Валерам Бычкоўскім прайшоў традыцыйна — праз скайп у ЦІП на Акрэсьціна.

«У пратаколах напісалі, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі, выгукаў лёзунгі, хаця я, што называецца, „круціў баранку“... Я паведаміў, што маіх траіх пасажыраў таксама затрымалі, і ў іх можна запытаць, яны таксама недзе тут... Але судзьдзя, прозьвішчам Няборская, адмовілася, бо ў яе былі паказаньні міліцыянта Александровіча А. А., у іншых — Іванова І. І. Я казаў, што з машыны мы выйшлі самі, не было ніякага непадпарадкаваньня. Але ёй гэта было нецікава. Службовую машыну забралі для праверкі».

Марш 25 кастрычніка, калі Валера Бычкоўскага затрымалі разам з трыма пасажырамі
Марш 25 кастрычніка, калі Валера Бычкоўскага затрымалі разам з трыма пасажырамі

«На трэці дзень мяне перавезьлі ў Баранавічы. Там у нас уся камэра падхапіла COVID. Я яшчэ не да канца паправіўся, дагэтуль кашляю».

Службовую машыну вярнулі, а ўласную — арыштавалі

Пасьля вызваленьня Валер адразу зьвязаўся з кіраўніцтвам, каб паведаміць, што службовая машына знаходзіцца ў РУУС, але яму прапанавалі прыехаць у офіс і падпісаць дакумэнты аб аплаце так званага прастою машыны.

«Я адмовіўся. Потым патэлефанаваў кіраўнік кампаніі і літаральна сказаў мне: „Если вы, Валерий, участвовали в майданах и обоср...лись, то это не моё дело“. Я адмовіўся размаўляць у такім тоне і паклаў слухаўку. Пазьней, наколькі я ведаю, кампанія забрала машыну з РУУС».

Пазьней у месцы сваёй прапіскі ён атрымаў паведамленьне пра арышт уласнага аўтамабіля.

«Відаць, калі мяне судзілі на Акрэсьціна, то паднялі ўсе мае справы. Я ж і ў 1996 годзе ўдзельнічаў, і ў Курапатах стаяў, быў кандыдатам на мінулых парлямэнцкіх выбарах... Яны паднялі ўсе мае нявыплачаныя штрафы — агулам недзе на 3,5 тысячы рублёў — і арыштавалі мой аўтамабіль».

Пасьля ўцёкаў зь Беларусі Валер Бычкоўскі наведваў акцыі каля беларускай амбасады ў Кіеве. Тут стаіць помнік Уладзімеру Караткевічу
Пасьля ўцёкаў зь Беларусі Валер Бычкоўскі наведваў акцыі каля беларускай амбасады ў Кіеве. Тут стаіць помнік Уладзімеру Караткевічу

На наступны дзень з банкаўскай карткі Валера на загад выканаўчай службы зьнялі ўсе грошы.

«Я зразумеў, што мяне будуць заціскаць і далей, і мне трэба нешта рабіць. Пакуль я думаў, мне адключылі мабільны інтэрнэт, а на наступны дзень і мабільную сувязь. Два дні запар прыходзілі і грукалі ў дзьверы... Я вырашыў, што наступным крокам будзе забарона выезду за мяжу. Я за дзень сабраў усе неабходныя рэчы і зьехаў у Кіеў. Мяжу прайшоў спакойна, а потым брат казаў, што яшчэ тры дні па мяне прыходзілі».

У Кіеве пры дапамозе беларускіх валянтэраў Валер падаў дакумэнты ў польскае консульства для атрыманьня гуманітарнай візы, а праз два тыдні зьехаў ужо ў Варшаву. Пасьля ізаляцыі плянуе шукаць працу.

Сямʼя засталася ў Беларусі

У турме разам зь іншымі сядзельцамі Валер рабіў з хлебнага мякішу мэдальёны
У турме разам зь іншымі сядзельцамі Валер рабіў з хлебнага мякішу мэдальёны

У Менску ў яго застаўся малодшы брат, а маці жыве ў іншым горадзе.

«Брат усё разумее, а маці, безумоўна, перажывае. Першыя дзесяць дзён пасьля арышту я проста ляжаў з ковідам, а потым была такая інтэнсіўнасьць падзеяў, што я хуценька сабраў валізу і паехаў».

Мужчына кажа, што, пакуль рэжым ня зьменіцца, не плянуе вяртацца ў Беларусь.

«У мяне ж яшчэ крэдыт на рамонт аўтамабіля нявыплачаны. Спадзяюся, што ў новай Беларусі мы зможам неяк улічыць форс-мажорныя абставіны».

На варце ў Курапатах у 2017 годзе, зь Лявонам Вольскім
На варце ў Курапатах у 2017 годзе, зь Лявонам Вольскім

Валер Бычкоўскі працаваў у розных сфэрах — кіроўцам тралейбуса, на МАЗе, у лягістычным цэнтры «Эўраопту», езьдзіў гастарбайтэрам у Маскву. Супрацоўнічаў з рознымі палітычнымі сіламі — рухам салідарнасьці «Разам», БХД, «Эўрапейскай Беларусьсю», АГП. Але перакананы, што цяпер нельга разыходзіцца па «партыйных кватэрах».

«Мы ўсе робім адну справу. Усе рознагалосьсі трэба вырашаць пазьней, калі зьменім уладу і будзе канкурэнцыя між партыйнымі рухамі. Тады будзем вырашаць, да якой партыі далучацца паводле ўласных ідэяў і поглядаў. Цяпер наша задача — зьмяніць уладу».

Выступ Валера Бычкоўскага на тэлевізіі ў часе выбарчай кампаніі ў парлямэнт, 2019 год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG