Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка крэдыторам: новы ўрад перагледзіць дамоўленасьці Лукашэнкі, аформленыя пасьля 5 лістапада


Павал Латушка
Павал Латушка

Павал Латушка папярэдзіў патэнцыйных замежных крэдытораў Беларусі пра сур’ёзную рызыку.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка прапанаваў праверыць мэтавае выкарыстаньне замежных крэдытаў. Паводле яго, усе дамоўленасьці, падпісаныя пасьля 5 лістапада нелегітымнымі прэзыдэнтам і урадам Беларусі, будуць перагледжаныя новай уладай Беларусі.

«Нас падтрымліваюць больш за 3 тысячы чыноўнікаў»

Павал Латушка падчас прэсавай канфэрэнцыі на тэму «Эканамічны ціск на рэжым і падтрымка беларусаў» паведаміў, што апошнім часам адчувае вялікую зацікаўленасьць беларускіх чыноўнікаў у падтрымцы народных патрабаваньняў. І нават назваў канкрэтную лічбу.

«Больш за 3 тысячы чыноўнікаў зьвярнуліся да нас і падтрымліваюць у межах праекту „Сумленныя людзі“ і НАК дыялёг з народам.

Дзяржаўныя службоўцы, якія адказваюць за дзяржаўнае кіраваньне, пераходзяць на бок народу», — сьцьвярджае Павал Латушка.

Латушка таксама падкрэсьліў, што НАК працуе ў адным рэчышчы з офісам Сьвятланы Ціханоўскай на ўсіх ключавых кірунках.

«Мы ўжо праводзім канкрэтную працу, у тым ліку сумесна з ініцыятывамі BYPOL, „Крама“ і іншымі, для выяўленьня карупцыйных схемаў, крадзяжоў і вываду з краіны сродкаў Аляксандра Лукашэнкі і набліжаных асобаў, дзяржаўнага рэкету бізнэсу, ціску і прымусу фінансаваць рэжым. Гэта робіцца, каб рыхтаваць захады для вяртаньня актываў і кампэнсацыі шкоды пацярпелым», — кажа Павал Латушка.

НАК падключылася да ініцыятывы замарожваньня праграмаў міжнародных фінансавых інстытутаў, спыненьня міжнародных праектаў пад эгідай МВФ, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Таксама НАК намагаецца мінімізаваць магчымасьці нарошчваньня рэжымам дзяржаўнага доўгу праз эмісію дзяржаўных аблігацыяў.

«НАК вывучае пытаньне нямэтавага выкарыстаньня крэдытных сродкаў. Пачалі інфармаваць крэдытораў, інвэстараў, банкі-эмітэнты, арганізатараў таргоў для спыненьня супрацы зь цяперашняй уладай ў выкананьні ёю крэдытных абавязаньняў».

Дамоўленасьці, падпісаныя пасьля 5 лістапада, перагледзяць

Павал Латушка таксама папярэдзіў, што ўсе дамоўленасьці, падпісаныя пасьля 5 лістапада 2020 году нелегітымным прэзыдэнтам, а таксама нелегітымным урадам, перагледзіць новая ўлада Беларусі.

«Новы ўрад Беларусі, які будзе прадстаўляць інтарэсы народу, а не рэжыму, ня будзе лічыць сябе абавязаным плаціць па даўгах, дадзеных Лукашэнку, у тым ліку на функцыянаваньне рэпрэсіўнага апарату.

НАК прапануе ўсім крэдыторам праверыць мэтавае выкарыстаньне крэдытных рэсурсаў. Маўклівая згода крэдытораў на тое, што іх сродкі ідуць не на падтрымку беларусаў, а, да прыкладу, на закупку сродкаў задушэньня мірных пратэстаў, узбагачэньня памагатых рэжыму, — гэта рызыка для саміх крэдытораў, якія могуць сутыкнуцца з адмоваю вяртаць даўгі ў будучыні».

Латушка прапануе, каб крэдыторы запатрабавалі неадкладнага выкананьня крэдытных абавязаньняў у выпадку нямэтавага выкарыстаньня крэдытаў. А таксама не дапускалі пралянгацыі пазык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG