Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігу беларускі Вальжыны Морт назвалі ў ліку найлепшых паэтычных выданьняў ЗША 2020 году


Вальжына Морт

Аглядальніца газэты New York Times назвала восем найлепшых кніг паэзіі, сярод якіх і зборнік Вальжыны Морт, якая нарадзілася ў Беларусі і жыве ў ЗША.

«Мне нязручна выкарыстоўваць у сьпісе слова „найлепшы“ — у асноўным таму, што я проста адзін чалавек, густ якога суб’ектыўны», — піша Эліза Габэрт у пачатку агляду паэтычных выданьняў. Тым ня менш публікацыя выйшла ў рубрыцы «Найлепшае ў 2020 годзе».

Аглядальніца піша пра восем выданьняў, сярод якіх — анталёгія афраамэрыканскай паэзіі за 250 гадоў пад рэдакцыяй Кэвіна Янга і «Emporium» маладой аўтаркі Адыці Мачада, якая атрымала прэмію Джэймса Лафліна.

У ліку васьмі найлепшых выданьняў — і кніга Вальжыны Морт «Music for the dead and resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых») выдавецтва Farrar, Straus & Giroux.

«Дзіця ў Беларусі нясе на сабе цяжар акардэона і бясконцыя ваенныя гісторыі, кашмары крыві і костак і радыяактыўнай глебы. Вершы Морт апавядаюць пра сакрэтную гісторыю («Цішыня выбівае з нас мову»), у іх ёсьць назойлівая якасьць дзіцячых вершыкаў у мінорнай танальнасьці, цёмная магія засьнежанага лесу («Я таксама мяса, заплеценае ў шэраг думак. / Я малюся дрэвам» — піша пра кнігу Вальжыны Морт Эліза Габэрт у New York Times.

Вальжына Морт нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім унівэрсытэце. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швэцыі. Морт — ляўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнеэўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Гокін (Bess Hokin Prize) ад амэрыканскага часопіса Poetry.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG