Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі прайшлі дваровыя маршы 13 сьнежня. Галоўнае


Адно з шэсьцяў у Менску 13 сьнежня
Адно з шэсьцяў у Менску 13 сьнежня

У Менску васямнаццатую нядзелю запар прайшлі акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах сталіцы адбыліся дзясяткі «Маршаў народнага абвінавачваньня», у самых буйных зь іх удзельнічала некалькі соцень чалавек.

Чацьвёртую нядзелю запар акцыі пратэсту праходзілі у лякальным фармаце. Менчукі зьбіраюцца ў дварах і далей ідуць калёнамі да вызначанага ў кожным мікрараёне пункту.

Паводле «Нашай Нівы», у розных мікрараёнах Менску, пасёлках Менскага раёна і гарадах-спадарожніках прайшло больш як 120 мясцовых акцый і шэсцяў. Колькасць удзельнікаў нідзе не дасягнула тысячы.

Разам з тым у Менску ўпершыню за доўгі час не закрывалі станцыі мэтро, не адключалі мабільны інтэрнэт, сілавікі не перакрывалі дарогі.

Сярод тэхнікі сілавікоў заўважылі вадамёты (у Менску —3°С), але супраць дэманстрантаў не ўжывалі спэцсродкаў. Прытым сілавікі чынілі лякальныя затрыманьні і напады на пратэстоўцаў на вуліцах і ў дварах. Затрыманых білі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў каля 200 затрыманых падчас акцый пратэсту сёньня.

У Берасьці ў чарговы раз затрымалі 63-гадовую Алену Гнаўк. У Менску сілавікі спынілі вядомага ўдзельніка акцыяў пратэсту 84-гадовага паэта Яна Грыба, але пазьней адпусьцілі. У сталіцы сілавікі таксама затрымалі карэспандэнта тэлеканалу «Белсат» Станілава Івашкевіча. У Смалявічах міліцыя «памылкова» затрымала цэлую клясу школьнікаў, але пазьней іх адпусьцілі з пастарунку. Пазьней зьявілася інфармацыя аб затрыманьні яшчэ двух журналістаў: фатографа Генадзя Верацінскага і выпускаючага рэдактара рэсурсу Onliner Мікалая Градзюшкі.

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Берасьці, Горадні, Наваградку, іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

Прыхільнікі перамен цягам 127 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG