Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну затрыманьняў у справе Шарамета — акцыя пратэсту каля адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны


Акцыя ў падтрымку абвінавачаных у забойстве Шарамета, Кіеў, 21 кастрычніка 2020 г.

У гадавіну арыштаў у справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета каля адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеве прайшла акцыя пад назвай «Пахаваньне правасудзьдзя».

Пра гэта паведамляе выданьне «Ўкраінская праўда».

У акцыі ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Актывісты прынесьлі белую труну з надпісам «Вясна скончылася, невінаватых саджаюць».

Паводле паліцыі, захады бясьпекі ў раёне адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ўзмацнілі, аднак доступ да будынку не абмяжоўвалі.

Мэта акцыі, паводле арганізатараў, — «сымбалічна пахаваць правасудзьдзе і справядлівасьць».

«Гэта гадавіна ўтрыманьня Андрэя Антоненкі за кратамі, пачатку абсурднага перасьледу Юліі Кузьменкі, Яны Дугар, гадавіна зьнішчэньня правоў і свабодаў чалавека ва Ўкраіне паводле палітычнай матывацыі», — сказана ў апісаньні акцыі ў Facebook.

10 сьнежня суд прыняў рашэньне аб меры стрыманьня для траіх падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета: Андрэй Антоненка ўзяты пад варту, Юліі Кузьменцы прызначаны хатні арышт, а Яна Дугар вызваленая з падпіскай аб нявыезьдзе.

  • Беларускі журналіст Павал Шарамет, які апошнія гады жыў ва Ўкраіне і працаваў ва «Ўкраінскай праўдзе» і «Радио Вести», загінуў ад выбуху раніцай 20 ліпеня 2016 году. Пад яго машыну была закладзена выбухоўка.
  • 12 сьнежня 2019 году праваахоўныя органы абвясьцілі, што затрымалі трох падазраваных у забойстве: доктарку і добраахвотніцу Юлію Кузьменку, музыку Андрэя Антоненку і вайсковую мэдсястру Яну Дугар.
  • Сьледзтва мяркуе, што Дугар назірала за перасоўваньнем Шарамета, а Кузьменка падклала выбухоўку пад машыну разам з Антоненкам.
  • У траўні 2020 году затрыманым зьмянілі падазрэньні: Антоненка цяпер не арганізатар, а выканаўца з папярэдняй змовы, Кузьменка выканаўца, а Яна Дугар памагатая.
  • Усе падазраваныя адмаўляюць датычнасьць да злачынства.
  • Справу аб забойстве Паўла Шарамета перадалі ў суд, яго разглядае суд прысяжных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG