Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства Шарамета: паліцыя абвінавачвае падазраваных і іх адвакатаў у зацягваньні працэсу


Павал Шарамет

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны заявіла, што пачатак разгляду ў судзе справы аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета залежыць выключна ад таго, калі адвакаты падазраваных завершаць азнаямленьне зь яе матэрыяламі.

«42 дні прайшло з моманту завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня забойства Паўла Шарамета і перадачы матэрыялаў падазраваным і іх абаронцам для азнаямленьня. Сьледзтва ня будзе абмяжоўваць падазраваных і іх адвакатаў у часе, але зьвяртае ўвагу ўсіх зацікаўленых бакоў на тое, што пачатак разгляду справы залежыць выключна ад абароны і саміх падазраваных», — адзначаецца ў паведамленьні паліцыі.

Тыдзень таму адна з падазраваных Юлія Кузьменка паведаміла, што пачала знаёміцца з матэрыяламі справы, але працэс запавольваецца з прычыны складаных умоў у ізалятары. На пытаньне, ці ёсьць у матэрыялах нейкія новыя факты, якія яе зьдзівілі, падазраваная адказала:

«Што зьдзівіла? Нічога і ўсё адразу. Я ўвесь час думаю, як цудоўна працаваць не хірургам. Вы можаце хлусіць, фальсыфікаваць, хаваць памылкі. Мая прафэсія не дазваляе такіх рэчаў — там памылкі відаць адразу».

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што справа аб забойстве Паўла Шарамета — адна з самых складаных у гісторыі Ўкраіны, бо тое забойства рыхтавалася вельмі прафэсійна. А міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў 5 чэрвеня анансаваў новыя факты ў гэтай справе:

«Гэты эпізод пра трох падазраваных вылучаны ў асобную справу і перададзены ў суд. У іншых эпізодах справы — аб заказчыках, арганізатарах і мэханізмах выкананьня іншымі саўдзельнікамі — расьсьледаваньне працягваецца. Магчыма, яно можа быць дапоўнена новымі фактамі, і гэтыя факты стануць вядомыя грамадзтву. Мы бяром пад увагу ўсе вэрсіі, якія ёсьць, у тым ліку не кансьпіралягічныя, якія цяпер зьяўляюцца ў прасторы пры ўдзеле некаторых рэзанансных пэрсанажаў. Справа павінна працягвацца незалежна ад палітычных спэкуляцый».

У справе больш як 200 тамоў матэрыялаў, 38 зь іх зьмяшчаюць доказы датычнасьці да злачынства Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар.

Што папярэднічала

Выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году. На брыфінг, арганізаваны Нацыянальнай паліцыяй Украіны, былі запрошаныя прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў і тагачасны генэральны пракурор Руслан Рабашапка, што выклікала моцную крытыку з боку экспэртаў і СМІ.

На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх трох падазраваных затрымалі. Гэта вайсковец сіл спэцапэрацый Андрэй Антоненка як арганізатар, валянтэрка і дзіцячы кардыяхірург Юлія Кузьменка як выканаўца і вайсковая мэдсястра Яна Дугар як памагатая.

22 траўня стала вядома, што сьледзтва перагледзела ролю дваіх падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. У прыватнасьці, Андрэй Антоненка ўжо ня лічыцца арганізатарам гэтага злачынства. Паводле сьледчых, Юлія Кузьменка заклала пад аўтамабіль выбуховую прыладу, хоць раней яна падазравалася яшчэ і ў выкананьні забойства. Роля Яны Дугар засталася такая, як і раней — яна нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэраў вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства.

У новым тэксьце падазрэньня зьмянілі і матывы іхнага злачынства — цяпер ужо не акцэнтуюць увагу на захапленьні «ўльтранацыяналістычнымі ідэямі» і «культываваньні велічнасьці арыйскай расы». Апроч таго, усім траім дадаткова інкрымінуюць незаконны выраб выбухоўкі і зьнішчэньне маёмасьці (аўтамабіля).

Сьледчыя абвясьцілі аб завяршэньні дасудовага расьсьледаваньня справы і перадалі яе матэрыялы на азнаямленьне падазраваным і іхным адвакатам. Пасьля гэтага справу перададуць у суд. У той жа час паліцыя паведаміла, што расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета на гэтым не завершана і будзе працягвацца, каб знайсьці іншых удзельнікаў злачынства і яго заказчыкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG