Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі расказаў, што будзе, калі суд апраўдае абвінавачаных у забойстве Шарамета


Акцыя прысьвечаная памяці журналіста Паўла Шарамета ля магілы Паўла Шарамета. Менск, 20 ліпеня 2017 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў пра незваротнасьць адказнасьці кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі і Міністэрства ўнутраных спраў у выпадку, калі суд апраўдае падазраваных у забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета.

«Цяпер гэтую справу вядзе і адказвае міністар унутраных спраў Авакаў. Ён гэта ведае. І ён адказны за вынік гэтай справы. Калі следзтва, а потым суд, давядуць, што яны забойцы, то яны сядуць у турму; калі не — будуць несьці адказнасьць тыя людзі, якія давялі гэтую справу да суду і абвінавацілі невінаватых людзей. Вось і ўсё», — заявіў Уладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі, прымеркаванай вынікам ягонай дзейнасьці на пасадзе прэзыдэнта за першы год сваёй кадэнцыі.

Аргумэнтуючы сваю прысутнасьць на брыфінгу, калі ўпершыню назвалі прозьвішчы падазраваных у забойстве, прэзыдэнт Украіны адзначыў:

«Справа Шарамета складаная. Адназначная яна ці не, я таксама ня ведаю. Мяне запрасілі — я прыйшоў. Я хачу быць запрошаным на ўсе гучныя справы — і Майдан, і Гандзюк, і Шарамет. Усе рэзанансныя справы, куды будуць запрашаць прэзыдэнта і будуць чакаць маёй падтрымкі, — я буду прыходзіць».

Адказваючы на пытаньне, ці гатовы ён несьці сваю адказнасьць у выпадку апраўданьня затрыманых, Уладзімір Зяленскі заявіў:

«Я гатовы несьці адказнасьць і не здымаю яе зь сябе. Калі следзтва было праведзенае няправільна, зь вялікімі памылкамі, нешта было спэцыльна зроблена супраць затрыманых, я гатовы зрабіць сур’ёзныя высновы, кадравыя высновы там, дзе я магу ўплываць».

Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што ягоная адказнасьць — «знайсьці забойцаў і пасадзіць іх за краты».

Галоўнае пра справу аб забойстве Паўла Шарамета

Выканаўчы дырэктар «Українськай правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Паводле кіраўніцтва МУС і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, цяпер асноўнай вэрсіяй матыву забойства зьяўляецца спроба дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Падазрэньне ў наўмысным забойстве Шарамета прад’яўлена 48-гадоваму сяржанту сіл спэцапэрацый Андрэю Антоненку, 40-гадовай Юліі Кузьменцы (валянтэрка, дзіцячы хірург, пазыўны Ліса) і 26-гадовай Яне Дугар (вайскоўка-кантрактніца, мэдсястра). Яны былі затрыманыя 12 сьнежня 2019 году.

На думку сьледзтва, Антоненка разам зь нявызначанымі асобамі зрабіў выбуховае прыстасаваньне, Кузьменка прымацавала яго да дна аўтамабіля, на якім ехаў Шарамет, а Дугар вывучала мясцовасьць напярэдадні забойства.

3 лютага дасудовае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб забойстве Шарамета падоўжылі на тэрмін да чатырох месяцаў.

6 лютага прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што чакае ад МУС рэальнага выніку ў расьсьледаваньні справы Шарамета.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG