Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Астапенка заклікаў дэмакратычныя дзяржавы не дапусьціць ператварэньня Беларусі ў канцлягер


Уладзімер Астапенка, архіўнае фота

Былы пасол у Аргентыне запісаў відэазварот з нагоды закрыцьця беларускімі ўладамі наземных межаў на выезд з краіны.

Цяпер Уладзімер Астапенка — у Народным антыкрызісным кіраўніцтве, якое ўзначальвае Павал Латушка. Астапенка адказвае за супрацу з Расеяй, СНД, ЭАЭС і АДКБ.

«Беларускія ўлады не перастаюць зьдзіўляць нашых грамадзян непасьлядоўнасьцю, непрадказальнасьцю і прававой непісьменнасьцю сваіх дзеяньняў.

Яшчэ ў пачатку лістапада Лукашэнка голасна патрабаваў не ўпускаць грамадзян Беларусі з-за мяжы. Гэтае беспрэцэдэнтнае для ўсяго сьвету рашэньне абуральным чынам парушала нормы міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і беларускай Канстытуцыі, дзе прадугледжана, што кожны чалавек мае права вярнуцца ў сваю краіну.

У той момант у беларускіх памежнікаў хапіла сьмеласьці ігнараваць незаконныя ўказаньні. Але, як бачым, цуды на гэтым не заканчваюцца. А ў кантэксьце каранавіруснай інфэкцыі ўлады Беларусі, ігнаруючы ўсе рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя і назапашаны досьвед перадавых краінаў, не абʼяўляюць надзвычайнага становішча, не адмяняюць вочных заняткаў у ВНУ і школах, ня ўводзяць іншых карантынных захадаў.

Але намагаюцца змагацца з каранавірусам коштам новых адміністрацыйных забаронаў. Гэтым разам на выезд з Рэспублікі Беларусь. Парадаксальнасьць і абсурднасьць такога падыходу была ўжо адзначана ў шматлікіх камэнтарах і экспэртаў, і простых грамадзян. Мне ж хацелася ў гэтай сувязі зьвярнуць увагу ўсясьветнай дэмакратычнай супольнасьці, перш за ўсё дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Швэйцарыі, на тое, што нелегітымная ўлада ў Беларусі працягвае практыку масавых парушэньняў фундамэнтальных правоў чалавека і сваіх міжнародна-прававых абавязаньняў у гэтай сфэры.

Спробам пабудаваць у эўрапейскай краіне XXI стагодзьдзя канцэнтрацыйны лягер трэба пакласьці рашучы канец», — сказаў Астапенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG