Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за 131 год у ЗША чалавека пакаралі сьмерцю пасьля выбараў да перадачы ўлады новаму прэзыдэнту


Камэра для сьмяротнікаў у амэрыканскім штаце Арызона, архіўнае фота

Амэрыканца Брэндана Бэрнарда пакаралі сьмерцю ў штаце Індыяна 10 сьнежня пасьля таго, як Вярхоўны суд ЗША адхіліў хадайніцтва аб памілаваньні ў апошнюю хвіліну.

Пра гэта паведамляе ВВС.

40-гадовы Бэрнард быў асуджаны за ўдзел у забойстве, учыненым у 1999 годзе. Бэрнарду тады было 18 гадоў, і ён зьяўляецца самым маладым злачынцам, якога ў ЗША пакаралі сьмерцю за амаль 70 гадоў.

Да канца прэзыдэнцтва Дональда Трампа заплянаваныя яшчэ чатыры пакараньні сьмерцю.

Гэтыя пакараньні парушаюць 130-гадовую традыцыю, паводле якой у прамежак паміж прэзыдэнцкімі выбарамі і перадачай улады новаму прэзыдэнту сьмяротныя прысуды не выконваюцца.

Вынікі выбараў будуць абнародаваныя 14 сьнежня на пасяджэньні калегіі электараў. Паводле папярэдняй інфармацыі чарговым прэзыдэнтам ЗША стане Джо Байдэн, інаўгурацыя новага прэзыдэнта адбудзецца 20 студзеня.

Перад пакараньнем Брэндан Бэрнард зьвярнуўся да сям’і забітых ім людзей. «Прабачце. Гэта адзіныя словы, якія я магу сказаць, якія цалкам адлюстроўваюць тое, што я адчуваю зараз і тое, што адчуваў у той дзень», — сказаў ён.

За што Бэрнарда асудзілі на сьмерць?

Ён атрымаў сьмяротнае пакараньне за ўдзел у забойстве Тода і Стэйсі Бэглі ў чэрвені 1999 году.

Ён быў адным з пяці падлеткаў, якіх абвінавацілі ў рабаваньні пары і ўтрыманьні іх у багажніку машыны ў Тэхасе.

Іх застрэліў 19-гадовы саўдзельнік Крыстафэр Вальва перад тым, як Бэрнард запаліў машыну.

Адвакаты абароны заяўлялі, што абодва Бэглі, верагодна, загінулі да таго, як машыну падпалілі.

Аднак, як паказалі экспэрты падчас судовага працэсу, Тод Бэглі памёр імгненна, але ў Стэйсі засталася сажа ў дыхальных шляхах.

Адвакаты Бэрнарда казалі, што ён баяўся, што зь ім здарыцца, калі ён адмовіцца выконваць загад Вальвы. Вальва быў пакараны сьмерцю ў верасьні сёлета.

Іншыя ўдзельнікі злачынства атрымалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, паколькі былі непаўнагадовымі.

Хто за яго выступаў?

У сваім меркаваньні, апублікаваным у «Зорцы Індыянапаліса», Анджэла Мур напісала: «Убачыўшы, як Брэндан вырас у сьціплага і раскаянага дарослага чалавека, як мы можам кажуць, што ён сярод той маленькай групы правапарушальнікаў, якіх трэба пакараць сьмерцю? »

Дзясяткі тысячаў людзей заклікалі прэзыдэнта Трампа памілаваць Бэрнарда, у тым ліку сэнатары Рычард Дурбін і Коры Букер і зорка тэлеканалу «Рэаліці» Кім Кардашʼян Уэст. Некалькі ўдзельнікаў судовага журы, якія прызналі Бэрнарда вінаватым, таксама выказваліся на карысьць ягонага памілаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG