Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт зь Менску даляцеў амаль да Кіева, але мусіў вярнуцца


Самалёт авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйны здымак.

Самалёт «Белавія», які ажыцьцяўляў рэйс BRU845 Менск — Кіеў і мусіў прызямліцца ў міжнародным аэрапорце «Барыспаль» 10 сьнежня ў 18:20 паводле кіеўскага часу, вярнуўся ў Менск.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавым цэнтры ўкраінскага аэрапорту, камандзір беларускага экіпажу ўхваліў такое рашэньне, калі самалёт ужо знаходзіўся на тэрыторыі Ўкраіны і падлятаў да аэрапорту «Барыспаль».

Яшчэ пяць самалётаў замежных авіякампаній таксама не змаглі прызямліцца ў Барыспалі — яны вярнуліся ў аэрапорт вылету ці былі перанакіраваныя на рэзэрвовыя пляцоўкі.

Прычынай авіякаляпсу стаў ледзяны дождж, падчас якога ўзьлётна-пасадачныя палосы імгненна пакрываліся скарынкай лёду.

«Рашэньне карыстацца рэзэрвовым аэрапортам ці зьмяніць заплянаваны маршрут ухваляе выключна камандзір паветранага судна», — падкрэсьлілі ў прэсавым цэнтры аэрапорту «Барыспаль».

Працу кіеўскага аэрапорту змаглі аднавіць бліжэй да поўначы. Сёньня аэрапорт працуе ў звычайным рэжыме — узьлётна-пасадачныя палосы ачышчаныя і падтрымліваюцца ў належным стане, каб прымаць і адпраўляць самалёты.

Сёньня самалёт «Белавія» прызямліўся ў Барыспалі ў 8:35 паводле мясцовага часу, але назад у Менск вылецеў са спазьненьнем на паўгадзіны. Яшчэ адзін сёньняшні рэйс беларускай авіякампаніі Кіеў —Менск мусіць адбыцца згодна з раскладам у 19:05.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG