Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 15 дзён арышту на волю выйшаў журналіст «Белсату» Ігар Ільяш


Ігар Ільяш

Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Аглядальнік тэлеканалу «Белсат» Ігар Ільяш быў асуджаны 25 лістапада і адседзеў 15 дзён за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Яму паставілі ў віну тое, што 26 кастрычніка з 13.50 да 14.00 ён быццам бы ўзяў удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні на сталічнай плошчы Незалежнасьці каля касьцёла Сьвятых Сымона і Алены. У той дзень у цэнтры Менску прайшла акцыя студэнтаў і пэнсіянэраў.

На судзе журналіст віну не прызнаў і назваў абвінавачаньне ў свой адрас хлусьнёй. Ён заявіў, што ў паказаны ў пратаколе час на заданьне рэдакцыі езьдзіў на менскія аўтамабільны і маторны заводы (26 кастрычніка было днём агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай).

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) стала фігуранткай крымінальнай справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК), пасьля жывога эфіру зь месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску 15 лістапада.

Яна, як і затрыманая ў той самай справе апэратарка Дар'я Чульцова, 24 лістапада прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітычнай зьняволенай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG