Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя ЗША выступае за тое, каб Сэнат зацьвердзіў кандыдатуру новай амбасадаркі ў Менску


Джулі Фішэр, новапрызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі
Джулі Фішэр, новапрызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі

Амэрыканская адміністрацыя лічыць важным, каб Сэнат Кангрэсу ЗША поўнага складу зацьвердзіў кандыдатуру амэрыканскай дыпляматкі Джулі Фішэр на пасаду новага амбасадара ў Менску.

Пра гэта заявіў у аўторак выканаўца абавязкаў памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Філіп Рыкер.

«Мы лічым вельмі важным, каб наш кандыдат на пасаду амбасадара, наша калега Джулі Фішэр была зацьверджаная, з тым каб мы маглі кантактаваць зь беларускім бокам, а таксама выступаць у падтрымку беларускага народу», — сказаў супрацоўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства, выступаючы на брыфінгу для сяброў камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (Хэльсынскай камісіі) пры Кангрэсе ЗША.

У верасьні камітэт міжнародных справаў Сэнату ЗША ўхваліў кандыдатуру намесьніцы памочніка дзяржаўнага сакратара Джулі Фішэр на пасаду пасла ў Беларусі. Пасьля гэтага кандыдатуру павінен зацьвердзіць поўны склад сэнату.

  • Дыпляматычная місія ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 году. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпляматычны скандал, прычынай якога стала ўвядзеньне амэрыканскім бокам санкцыяў супраць Беларусі праз грубыя парушэньні правоў чалавека. На патрабаваньне беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Ст'юарт, штат пасольства быў максымальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпляматычныя місіі ў абедзьвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
  • 4 сакавіка 2019 году Менск афіцыйна паінфармаваў Вашынгтон аб скасаваньні абмежаваньняў на колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея з намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.
  • 17 верасьня таго ж году намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных пытаньнях Дэвід Гэйл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што бакі прынялі рашэньне аднавіць дыпляматычнае прадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.
  • 20 красавіка 2020 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ў Заходняй Эўропе і Эўрапейскім Зьвязе Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Беларусі. На пачатку траўня Трамп унёс яе кандыдатуру на зацьвярджэньне Сэнату.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG