Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзяждэпартамэнце ЗША пракамэнтавалі прыезд амбасадара ў Беларусь


Джулі Фішэр

Пытаньне аб адпраўцы амэрыканскага пасла ў Беларусь будзе разгледжанае пасьля зацьвярджэньня сэнатам кангрэсу ЗША прапанаванай на гэтую пасаду кандыдатуры Джулі Фішэр, паведаміў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент 6 лістапада на тэлефонным брыфінгу.

Ён нагадаў, што ў верасьні камітэт сэнату ЗША па міжнародных справах ухваліў кандыдатуру намесьніка памочніка дзяржсакратара Джулі Фішэр на пасаду пасла ў Беларусі. Пасьля гэтага кандыдатуру павінен зацьвердзіць поўны склад сэнату.

«Тэрміны гэтага выніковага галасаваньня яшчэ ня вызначаныя. Мы ўсё яшчэ яго чакаем і спадзяёмся, што сэнат зацьвердзіць кандыдатуру Джулі Фішэр, але на гэты момант мы ня ўпэўненыя адносна тэрмінаў. Таму любое абмеркаваньне таго, што адбудзецца пасьля зацьвярджэньня кандыдатуры пасла, на гэтым этапе заўчаснае», — растлумачыў ён.

«Але мы лічым, што важна працягваць умацоўваць нашы адносіны, нават калі ва ўнутранай сытуацыі ў Беларусі ёсьць цяжкія часы, падобныя да гэтых», — падкрэсьліў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

  • Дыпмісія ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 году. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпляматычны скандал, прычынай якога стала ўвядзеньне амэрыканскім бокам санкцый у дачыненьні да Беларусі праз грубыя парушэньні правоў чалавека. На патрабаваньне беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Ст'юарт, штат пасольства быў максымальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпляматычныя місіі ў абедзьвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
  • 4 сакавіка 2019 году Менск афіцыйна праінфармаваў Вашынгтон аб адмене абмежаваньняў на колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.
  • 17 верасьня таго ж году намесьнік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаньнях Дэвід Хэйл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў, што бакі прынялі рашэньне аднавіць дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.
  • 20 красавіка 2020 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесьніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Эўропе і Эўрапейскім Зьвязе Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла ў Беларусі. На пачатку траўня Трамп унёс яе кандыдатуру на зацьвярджэньне сэнату.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG