Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянская апазыцыя абвясьціла акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. У Ерэване пачаліся затрыманьні


Акцыя пратэсту ў Ерэване, 8 сьнежня 2020

У Армэніі прадстаўнікі апазыцыйных партый абвясьцілі аб пачатку акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня, бо скончыўся тэрмін ультыматуму прэм’ер-міністру краіны Міколу Пашыньяну, піша армянская служба Радыё Свабода.

Паводле News.am, у Ерэване праходзяць акцыі пратэсту прыхільнікаў апазыцыі, якія ідуць па вуліцах, скандуючы «Нікол — здраднік». Да іх далучаюцца некаторыя кіроўцы, якія сыгналяць у знак падтрымкі. Дэманстранты таксама блякуюць вуліцы. Паліцыя затрымлівае людзей, сярод іх сябра партыі партыі «Дашнакцутюн» Гегам Манукʼян.

5 сьнежня ў Ерэване прайшоў масавы мітынг апазыцыі з патрабаваньнем адстаўкі Пашыньяна. У той дзень пратэстоўцы адправіліся маршам ад плошчы Свабоды да ўрадавай дачы, дзе жыве Пашыньян, і запатрабавалі, каб той да 8 сьнежня пакінуў сваю пасаду.

Усяго адстаўкі прэмʼера патрабуюць 16 партый, якія стварылі «Рух за выратаваньне Айчыны». Сваім кандыдатам на пост часовага прэмʼера яны называюць лідэра Нацыянальна-дэмакратычнага саюзу Вазгена Манукʼяна. Манукʼян нібыта мае прыпыніць сваю партыйную дзейнасьць, як толькі стане прэмʼерам, і абавязваецца правесьці датэрміновыя парлямэнцкія выбары праз год. У іх ён абяцае асабіста ня ўдзельнічаць, а калі яго партыя абярэцца ў парлямэнт — абяцае не балятавацца на пасаду прэмʼера.

Палітычныя пазыцыі Пашыньяна рэзка саслаблі пасьля таго, як у ноч на 10 лістапада ён падпісаў сумесную з прэзыдэнтамі Расеі і Азэрбайджану Ўладзімірам Пуціным і Ільхамам Аліевым заяву аб поўным спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху. Ад часу пагадненьня ў Ерэване не спыняюцца пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі прэмʼера. Сам Пашыньян заявіў раніцай 5 сьнежня ў тэлезвароце: «Спыніць вайну (у Карабаху) можна было, толькі падпісаўшы такія паперы, як 9 лістапада». «Мы не пацярпелі няўдачу ў дыпляматыі, мы пацярпелі няўдачу ў спробах пераадолець груз дыпляматычных няўдач апошніх 20-25 гадоў», — падкрэсьліў ён.

Кіраўнік Ерэванскага прэс-клюбу Барыс Навасардʼян распавёў тэлеканалу «Настоящее время», наколькі сурʼёзна ўспрымаецца ўльтыматум апазыцыі дзейнай улады, ці магчымыя ў Армэніі датэрміновыя выбары і які можа быць мэханізм зьмены ўлады ў краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG