Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя дэталі трэцяга пакету санкцыяў Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі


У Брусэлі 7 сьнежня засядаюць міністры замежных справаў ЭЗ. Раней паведамлялася, што 7 сьнежня будзе прынятае рашэньне аб трэцім пакеце санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак у афіцыйным парадку дня гэтага пасяджэньня пункту аб Беларусі няма.

Як паведаміў Свабодзе карэспандэнт RFE/RL у Брусэлі Рыкард Юзьвяк, пэўныя міністры ўздымалі сёньня беларускае пытаньне, але рашэньня прынята не было.

Паводле інфармацыі Рыкарда Юзьвяка, новы пакет санкцыяў знаходзіцца яшчэ на стадыі ўзгадненьня і мае быць гатовы на наступным тыдні. На 7 сьнежня ў праект трэцяга пакету санкцыяў Эўразьвязу супраць рэжыму ў Беларусі ўключаныя 32 новыя фізычныя асобы і 9 юрыдычных.

Пасьля пасяджэньня кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль сказаў:

«Мы таксама закранулі сытуацыю ў Беларусі, дзе працягваюцца рэпрэсіі ўладаў супраць насельніцтва, і мы дапрацоўваем трэці пакет санкцыяў. Я спадзяюся, што ён будзе неўзабаве прыняты. Я спадзяюся на хуткае прыняцьце, я ўпэўнены, што на гэты раз іншыя пытаньні ня будуць затрымліваць прыняцьця гэтага трэцяга пакету санкцыяў».

  • 2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
  • 6 лістапада сьпіс пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.
  • 19 лістапада міністры замежных справаў ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць уладаў Беларусі.
  • 19 лістапада кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Лукашэнка больш не атрымае ад Эўразьвязу ніводнага эўра.
  • Таксама 19 лістапада стала вядома, што Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG