Ягоная жонка Алена пацьвердзіла, што мужа даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Судзілі дыстанцыйна, за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пакаралі 12 днямі адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 23.34 КаАП.
Пра Вадзіма Камароўскага Свабода пісала: да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспубікі ён аздобіў свой аўтамабіль нацыянальнай сымболікай — вялікім гербам «Пагоня» на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.
«Мае дзяды не ваявалі ў Чырвонай арміі, таму мне няма нагоды ці патрэбы вывешваць нейкія іншыя стужкі, чым нашы спрадвечныя, — расказваў ён Свабодзе. — На багажніку прымацаваны партрэт Тадэвуша Касьцюшкі з выслоўем пра незалежнасьць, у салёне нацыянальныя сьцяжкі. Я родам з Заходняй Беларусі, у нас крыху інакш да ўсяго ставяцца і старыя людзі, і маладыя, якія хоць крыху цікавяцца гісторыяй».
Вадзіму Камароўскаму 40 гадоў, ён ураджэнец Івейшчыны, вырас побач з Налібацкай пушчай. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, у сярэдзіне 2000-х працаваў у Расеі. Кажа, што менавіта ў Маскве і атрымаў «прышчэпку сьвядомасьці».