Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую рэформу міліцыі распрацоўвае Народнае антыкрызіснае кіраваньне


Сілавікі на маршы 8 лістапада.
Сілавікі на маршы 8 лістапада.

Народнае антыкрызіснае кіраваньне (НАК), створанае ў падтрымку Каардынацыйнай рады, распрацоўвае праект рэформы сыстэмы органаў унутраных спраў Беларусі, паведаміла 4 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі ў онлайн-фармаце кіраўніца праекту, былая дазнаўца і сьледчая, капітан юстыцыі Сьвятлана Хілько.

Паводле яе, неабходнасьць рэформы сыстэмы органаў унутраных спраў «настолькі відавочная, што пераконваць у ёй не даводзіцца сёньня ні супрацоўнікаў міліцыі, ні грамадзян». «НАК канстатуе няздольнасьць органаў унутраных спраў выконваць ускладзеныя абавязкі па падтрыманьні правапарадку і абароне правоў грамадзян. Апошнія месяцы паказалі, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў кіруюцца ў сваёй дзейнасьці загадам, а не законам, што выклікае ў грамадзтве абурэньне і пачуцьцё глыбокай несправядлівасьці», — сказала Хілько.

Прадстаўніца НАК сьцьвярджае, што запыт на рэформу «высокі і ўнутры самой сыстэмы». Супрацоўнікі міліцыі, паводле яе слоў, «разумеюць, што так жыць больш нельга», таму што «ўсіх адкрыта дастала адсутнасьць структуры і нармальных, зразумелых законных правілаў выкананьня свайго службовага абавязку».

«Сёньня ва ўчастковага ў раёне арудуюць банды „неабыякавых грамадзянаў“, зь якімі ўлада ад бясьсільля і глупства падзялілася манаполіяй на прымяненьне сілы, заўтра ў тэрміновым парадку патрабуюць спыніць стварэньне народных дружын, пасьлязаўтра — зноў усё зачысьціць і навесьці парадак, — адзначыла былая сьледчая. — Хаатычныя і нэрвовыя рухі начальства паказалі ўсю іх няўпэўненасьць, неэфэктыўнасьць і няздольнасьць плянаваць і прадбачыць рызыкі. Несправядліва заахвочваюць супрацоўнікаў, якія парушаюць закон, у той час як тыя, хто мае сьмеласьць выказацца супраць, зазнаюць ганеньне. Працаваць у такой сыстэме немагчыма».

Зараз НАК зьбірае і абагульняе міжнародны вопыт рэформаў сыстэмы органаў унутраных спраў, а таксама стварае праект новай арганізацыйнай структуры сыстэмы беларускіх органаў унутраных спраў — паліцыі.

«Нам трэба адказаць на шэраг важных пытаньняў: якія з існуючых падразьдзяленьняў падлягаюць рэфармаваньню і сур’ёзнай чыстцы, якія — зьліцьцю, якія новыя мы павінны стварыць?» — акрэсьліла Хілько круг праблем у гэтай частцы.

Акрамя таго, паводле яе, НАК займаецца распрацоўкай мэханізмаў забесьпячэньня правоў саміх праваахоўнікаў, такіх як профільны прафсаюз, незалежныя ад МУС юрыдычная і псыхалягічная службы і іншыя. «Распрацоўваем сыстэму сумленнага і празрыстага адбору супрацоўнікаў і прасоўваньня іх па службе, плянуем укараненьне трэнінгавай сыстэмы хуткай падрыхтоўкі кадраў і сыстэмы бесьперапыннай адукацыі супрацоўнікаў на базе розных ступеняў», — дадала яна.

Паводле былой сьледчай, у НАК распрацоўваюць «доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновыя гнуткія пляны рэфармаваньня з магчымасьцю іх карэкціроўкі», бо «гатовай мадэлі таго, як павінна выглядаць паліцыя, няма». «Ідэальнай паліцыі не існуе сёньня нідзе ў сьвеце, у кожнай краіне ёсьць свае праблемы, — патлумачыла яна. — Ёсьць нейкія стандарты, да якіх трэба імкнуцца, але я ўпэўненая, што з нашым патэнцыялам мы можам зрабіць лепш і стаць прыкладам для многіх іншых краін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG