Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КДБ правярае, ці падпісваліся сілавікі за Бабарыку. Ад вынікаў у СК жахнуліся», — былы сьледчы. ВІДЭА


Сьледчы камітэт

Андрэй Астаповіч звольніўся са Сьледчага камітэту ў знак пратэсту супраць насільля з боку сілавікоў пасьля выбараў і немагчымасьць праводзіць сьледзтва па гэтых фактах. Цяпер ён узначальвае ініцыятыву былых сілавікоў By_Pol.

У інтэрвію «Свабодзе» ён расказвае пра дзейнасьць арганізацыі, чысткі ў Сьледчым камітэце, перасьлед нязгодных праваахоўнікаў, а таксама неабходныя рэформы праваахоўных органаў пасьля пераменаў у Беларусі.

«Вельмі моцна пачысьцілі Акадэмію МУС»

Паводле Астаповіча, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і цэнтральны апарат МУС праводзяць у розных сілавых структурах праверку, ці падпісваліся іх супрацоўнікі за Віктара Бабарыку падчас выбарчай кампаніі.

«Былы ўжо кіраўнік МУС (Караеў. — РС) сказаў у вузкім коле, што спачатку мы разьбяромся зь людзьмі на вуліцы, а потым правядзём чысткі ў сябе. Цяпер сілавікі аблічбоўваюць сьпісы подпісаў за Бабарыку па ўсёй рэспубліцы, каб выяўляць супрацоўнікаў, якія падпісваліся „не за тых кандыдатаў“, як лічыць наш урад. Глядзяць імёны, пашпарты супрацоўнікаў, хто аддаў голас за Бабарыку. Калі чалавек займае высокую пасаду, то яны ўжо разумеюць, што ён прытрымліваецца ня той палітыкі, якая патрэбна ўладам. І такіх людзей выдаляюць. Менавіта так вельмі моцна пачысьцілі Акадэмію МУС. На такі ўзор цяпер пачынаюць чысьціць Сьледчае ўпраўленьне па Менску».

Андрэй Астаповіч дадае, што цяпер аблічбоўваюцца сьпісы за іншых кандыдатаў і паводле гэтых дадзеных будзе адбывацца далейшая праверка сілавікоў.

«Неўзабаве пацярпіць і сам кіраўнік Сьледчага камітэту»

Паводле былога сьледчага, вялікія зьмены могуць чакаць Сьледчы камітэт, супрацоўнікі каторага правялі праверку па фактах нематываванага гвалту з боку сілавікоў падчас пратэстаў.

«У Сьледчым камітэце не было магчымасьці заводзіць справы супраць сілавікоў за гвалт. Але яны сабралі ў рамках матэрыялаў нармальную інфармацыю, правялі цэлы шэраг неабходных дзеяньняў. У прынцыпе, па кожным звароце была праведзеная такая праца, якая і павінна была праводзіцца заўсёды ў рамках закону. Пачалі падыходзіць тэрміны. Калі наверсе пра ўсё даведаліся, то пачаліся сур’ёзныя пытаньні: „Вы што там робіце, на чыім вы баку?“» — расказвае Астаповіч.

У гэты ж час, паводле яго, КДБ пачаў правяраць і параўноўваць, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў.

«Яны жахнуліся ад працэнтных суадносін, зразумеўшы, што гэта самая апазыцыйныя сілавая структура. І таму пачаліся размовы, што гэта самая мяккая структура, самая кепская. Праз гэтыя чысткі будуць звальняцца сьледчыя, найлепшыя кадры разгоняць. Ужо цяпер туды пачалі набіраюць зь сярэдняй адукацыяй, чаго ніколі раней не было. Наколькі я ведаю, неўзабаве пацярпіць і сам кіраўнік Сьледчага камітэту. Яго, хутчэй за ўсё, заменяць. Гэта робяць спэцслужбы з падачы Лукашэнкі. На гэты момант ён давярае спэцслужбам больш, чым тым, хто яго ахоўвае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG